Фітнес-шмітнес: Аракелян і Кустава ў новай праграме «Белсату»


Вы хочаце змяніцца? Схуднець? Стаць моцным або проста адпачыць і пасмяяцца? Гэтая праграма для Вас!

Першае беларускае аздараўляльна-забаўляльнае шоу з элементамі буфанады, інтэрактыву і лёгкай эротыкі з паэткаю Валярынаю Куставай і музыкам Паўлам Аракелянам. А таксама з прафесійнымі трэнерамі, лекарамі, пластычнымі хірургамі, чэмпіёнамі свету ў розных відах спорту. І ўсё гэта – дзеля таго, каб спыніць беларускую дэпрэсію, сказаць «не» беларускай апатыі ды «так» разумным прыгожым нам!

Прэм’ера праграмы ўжо 8 сакавіка а 18:30

{movie}Фітнес-шмітнес. Трэйлер|right|15164{/movie}

«Мы сустракаліся з Пашам на супольных выступах, і я бачыла, як ён файна выглядае. І аднойчы папросту спыталася, ці не мог бы ён параіць мне трэнера, – распавядае вядоўца праграмы Валярына Кустава. – І Паша прапанаваў сам заняцца мною. Заняткі праходзілі так весела і рэгулярна, і цікава, што мы вырашылі падзяліцца сваім досведам і з іншымі. Тым больш – вынікі пачалі з’яўляцца адразу».

Валярына Кустава паставіла сабе мэту – схуднець на вачах тэлегледачоў.

«Сапраўды, я выдаю ўсе свае параметры ў праграме – узрост, вагу, аб’ёмы. Я думаю, такая публічнасць – яна матывуе. Я заходжу нядаўна ў кавярню на працы: а ўсе калегі хорам «Ты што, бярэш мяса? Табе хіба можна мяса?!» Мне можна!)) Цяпер, калі будзе мільён чалавек нас глядзець, то нават шакаладку на вуліцы не з’ясі, запілінгуюць гледачы. Зрэшты, шакаладку мне таксама можна! – дзеліцца Валярына Кустава. – Мне цікава змяняцца. Я буду змяняцца ўва ўсіх сэнсах слова – але рабіцца не іншаю, а папросту больш сабою – проста найлепшаю сабою. Мне пашанцавала з прапорцыямі і генетыкаю, я заўжды любіла спартовыя нагрузкі – горы, баскетбол, планаванне ў моры. Таму я перакананая, я вытрымаю. І ўжо пад канец года – Вы мяне не пазнаеце (у найлепшым сэнсе). Я планую скінуць агулам больш за… Зрэшты, наколькі планую пахуднець і як буду гэта рабіць – глядзіце ў праграме! Адно скажу – вынікі ўжо ёсць!»

А Павал Аракелян, музыка гурта «Крамбамбуля», пакажа гледачам не толькі свае мускулы і пачуццё гумару, але і трэнерскія здольнасці.

«Заняўся амаль што прафесійна спортам я толькі таму, што не магу ніводную справу рабіць напалову, – кажа Павал. – Мужчыну патрэбны выклікі, каб заставацца мужчынам, а самыя складаныя выклікі – сабе самому. Калі ўзяўся за што-небудзь, то трэба стаць лепшым. Таму шмат гадоў я збіраю інфармацыю, аналізую яе, эксперыментую на сабе ды іншых, ну, і трэніруюся што звар’яцелы. Так, у мяне няма вышэйшай трэнерскай адукацыі. Але ў мяне няма адукацыі ў музыцы таксама і пры гэтым я зусім някепскі музыка – таму што галоўнае, гэта поўнае пагружэнне ў справу і асабісты прыклад. Да таго ж, можаце і не надта давяраць мне – мы будзем даваць вам парады ад высокарэзультатыўных і тытулаваных спартоўцаў. А калі ўжо не давяраць ім – то трэба проста паспрабаваць і даверыцца тым поспехам, якіх вы, безумоўна, дасягняце з нашаю дапамогаю».

«Урэшце з’явіцца праграма, у якой будуць элементы ўсяго таго, чаго так бракавала ў беларускай медыя-прасторы, на беларускім тэлебачанні. Будзе інтэрактыў з гледачамі – праз сацыяльныя сеткі на Facebooku i ў “кантакце” ды супольныя жывыя акцыі, будзе шоу, разлічанае на больш шырокую, чым звычайна, аўдыторыю, будзе гумар, будзе інтым, будзе крыху эротыкі ды будзе шчырасць і камінаўты, будзе спорт і здаровы лад жыцця, – цешыцца Валярына. – Усё тое, чаго так не стае ў хворай і дэпрэсіўнай беларускай рэчаіснасці. Таксама рэжысёр нашай праграмы – малады і таленавіты Мацей Сабураў, які мае нестандартнае крэатыўнае мысленне. Думаю, дзякуючы нашым усім намаганнем праграма станецца сапраўды адкрыццём новай стылістыкі ды новых тэмаў і спосабаў іх падачы ў беларускай медыйнай прасторы».

«Праграма не толькі пра схудненне, і нельга скарачаць аўдыторыю толькі ахвотнымі схуднець, – настойвае Павал Аракелян. – пры дапамозе нашай праграмы можна атрымаць шмат карыснай інфармацыі, матывацыю і, што галоўнае, пазбавіцца ад страхаў і ведаць агулам, што можна рабіць ды які шлях абраць».

А бонусам, апроч добрага настрою, сапраўды можа стаць некалькі спаленых кілаграмаў. Калі прытрымлівацца парадаў у харчаванні ды занятках, якія аўтары даюць у праграме. Пашыраная інфармацыя аб практыкаваннях і дыеце будзе публікавацца на сайце.



«Але не проста схуднець, а стаць здаровым, моцным і прыўкрасным. Падкарэктаваць свае адметнасці да лепшага. Выжыць і жыць у Беларусі. Пачынаць яе змяняць – з самога сябе», – падбадзёрвае Валярына.

«Фітнес-шмітнес» будзе ісці кожную суботу а 18:30. Прэм’ера ўжо 8 сакавіка. Глядзець праграму і чытаць дадатковую інфармацыю таксама можна будзе на нашай старонцы.



ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў