Андрэй Хадановіч: Рыгор Барадулін – заўсёды сучасны паэт


Калі гаснуць зоркі, застаецца пустэча. А яшчэ – святло ў нашым сэрцы. Краіна развіталася з Рыгорам Барадуліным. Пра эпоху Дзядзькі Рыгора – гутарка ў праграме «Размова Жбанкова». Госць – паэт Андрэй Хадановіч.

{movie}Андрэй Хадановіч: Рыгор Барадулін – заўсёды сучасны паэт|right|15157{/movie}

Класік беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка. Яго пахавалі на малой радзіме ў Вушачах.

«Пасля Барадуліна мы застаемся з Барадуліным. Перафразуючы класіка: давайце не наракаць, што блізкія і патрэбныя людзі ўжо не з намі, давайце казаць «дзякуй» за тое, што яны з намі былі. З намі ягоная планка, паднятая ў паэзіі, з намі ягоныя эксперыменты, ягоныя знаходкі, ягоны голас – ён гучыць і будзе гучаць», – гаворыць Андрэй Хадановіч.

Паводле госця праграмы, узрост, год нараджэння не адыгрывае ролі, калі гаворка ідзе пра сучасную паэзію. «Сучасны паэт – той, які цяпер можа напісаць штосьці найлепшае, ад якога гэта чакае, хто захаваў, можа быць, дзіцячую непасрэднасць. Здольнасць здзіўляцца. І здольнасць здзіўляць, Барадулін заўсёды заставаўся сучасны, – гаворыць паэт. – Я купляю часопіс «Дзеяслоў», у якім вельмі часта Барадулін з’яўляўся ў паэтычнай падборцы. Мне заўсёды было цікава, ці здзівіць ён мяне. І я пераважна здзіўляўся. «Жыццё з такімі хітрымі вачыма, што ад яго ўтаіцца немагчыма» – можа чалавек пасля 75-ці напісаць такое? А калі можа – ці можам мы сказаць, што гэта – не дзіця, не паэт?»

Пра эпоху Барадуліна, «маскоўскія комплексы» беларускіх паэтаў – глядзіце ў праграме «Размова Жбанкова».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў