Украінскае войска ачуняла ды ідзе ў наступ – негвалтоўны


Памежнікі Украіны з дапамогаю міліцыі ды СБУ распачалі аперацыю “Кардон”. Каб не прапусціць на ўкраінскую зямлю арганізаваных экстрэмісцкіх групаў з Расеі, а таксама зброі ды выбухоўкі, узмацнілі памежны кантроль у Запарожскай і Херсонскай вобласцях, а таксама ў Крыме. Аднак кантроль паўвостравам – дасюль у расейскіх дэсантнікаў, што называюць сябе крымскаю самаабаронаю. Жаўнерам-замежнікам пакуль неґвалтоўна супрацьстаяць украінскія вайскоўцы ды паказваюць прыклад сапраўднае мужнасці.

Маршам пад словы гімну, са сцягамі вайсковай часткі ў руках, але без зброі ўкраінскія вайскоўцы вярнулі сабе кантроль над вайсковым аэрапортам “Бельбек”, разам з самалётамі і авіяцыяй. Расейскія вайскоўцы – без сцягоў і апазнавальных знакаў, але гатовыя ўжыць сілу, кантралююць толькі ўзлётную паласу і каравулку. Хаця яшчэ ўчора самаабранае кіраўніцтва Крымскай рэспублікі хвалілася, што “Бельбек” захоплены ды перайшоў на іхны бок. Не перайшоў.

{movie}Гімн Украіны супраць зброі Расеі|right|15155{/movie}

Не здаліся і ваенныя маракі ля мысу Фіялент, да якіх учора прыходзілі з ультыматумам ад кіраўніцтва Чарнаморскага флоту Расеі.

ЯЎГЕНІЙ ВАСІН, КАМАНДЗІР В/Ч А4368:

“Гэта расейскі спецназ, які прайшоў гарачыя кропкі”.



А ў Керчанскім порце ўкраінскія вайскоўцы вярнулі кантроль над паромнаю пераправаю. Тыя расейцы, што ўчора прыплылі з Таманскага паўвострава, паехалі ўглыб Крыму, у бок Феадосіі. Жыхары Керчы рэагуюць па-рознаму – хто мітынгам супраць Пуціна, а хто – на падтрыманне ўварвання.

ЖЫХАР КЕРЧЫ:

“Расейскія войскі – гэта гарант бяспекі Крыму ад непатрэбных элементаў”.



Керчанскі марскі спецназ зброі таксама не ўжываў, але і не склаў.

АЛЯКСЕЙ НІКІФАРАЎ, КАМАНДЗІР БАТАЛЬЁНУ МАРСКОЙ ПЯХОТЫ УКРАІНЫ:

“Паверце, марпехі ніколі не здаюцца. Ніхто з вайсковай часткі не хоча перайсці на той бок, прымаць незразумелую прысягу незразумеламу ўраду”.



У Севастопалі, дзе таксама працягваецца блакада, да вайсковай часткі прыйшлі яе былыя афіцэры – расейскамоўныя грамадзяне Украіны.

ЮРЫЙ ШАМША, ВЕТЭРАН УЗБРОЕНЫХ СІЛАЎ УКРАІНЫ:

“Мы ўсе прымалі прысягу на вернасць народу Украіны, таму падтрымліваем сваіх былых саслужыўцаў – нашых саратнікаў”.



Што будуць рабіць, як пачнецца вайна, украінскія ветэраны не ведаюць. Хочуць, каб не дайшло да бою.

ІГАР КАРАМПЫШ, ВЕТЭРАН УЗБРОЕНЫХ СІЛАЎ УКРАІНЫ:

“Хлопцы, што стаяць за вашаю спінаю, – гэта хлопцы з марской пяхоты. З 810-й брыгады марской пяхоты, у якой я пачынаў службу ў Савецкім Саюзе. У Севастопалі няма экстрэмістаў. У нас няма экстрэмістаў, няма бандэраўцаў. У нас няма розні ўвогуле”.

Пераманіць украінскіх вайскоўцаў на іншы бок не выйшла. Флагман украінскага флоту “Гетман Сагайдачны”, пра які новыя крымскія ўлады казалі, як пра свой уласны, паказальна вярнуўся ў Чорнае мора, урачыста прысягнуўшы Украіне. Аднак на моры неспакойна. Два расейскіх дэсантных караблі таксама прайшлі праліў Басфор і кіруюцца да Севастопалю. Не ў Чорнае мора, але зусім побач на ўсялякі выпадак ідзе “Джордж Буш” – амерыканскі авіяносец. Ідзе ў складзе ўдарнай групы з 17 караблёў і 3 падлодак.

У Севастопальскай бухце расейскія баявыя караблі з марпехамі на борце блакуюць караблі ВМС Украіны “Тэрнопаль” і “Славутыч”. Хаця, паводле Уладзіміра Пуціна, у Крыме дзеяць не расейскія жаўнеры, а мясцовая самаабарона, што набыла экіпіроўку ў крамах вайсковага гандлю. Прэзідэнт Расеі даў сёння адмысловую прэс-канферэнцыю наконт падзеяў ва Украіне і заявіў, што магчымасць вайны яго не пужае. Ён гатовы абараніць жыхароў Украіны ад Украіны.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:

“І калі мы такую пастанову прымаем – толькі для абароны ўкраінскіх грамадзянаў. І няхай паспрабуе хтосьці з ліку вайскоўцаў страляць у сваіх людзей, за якімі мы будзем стаяць ззаду, не спераду, а ззаду”.

Пуцін сказаў, што кіруецца зваротам легітымнага прэзідэнта Януковіча, які папрасіў увесці войскі ва Украіну. Таксама Пуцін пасмяяўся з чутак, што Януковіч памёр у Растове. Тым часам новыя ўлады Крыму пастанавілі прыспешыць правядзенне рэферэндуму аб статусе аўтаноміі – правесці яго яшчэ раней, чымся да канца месяца.

РУСТАМ ТЭМІРГАЛІЕЎ, ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР КРЫМУ:

“Мы мяркуем, што сённяшнія кіеўскія ўлады абсалютна не легітымныя, і мы гатовыя да перамоваў з імі толькі ў тым выпадку, калі яны вернуцца ў канстытуцыйнае поле Украіны”.



Да рэферэндуму рыхтуецца і Севастопаль, што не ўваходзіць у Крымскую рэспубліку. Горад рыхтуюць да ўваходу ў аўтаномію, каб потым разам далучыцца да Расеі.

ЛАРЫСА, ЖЫХАРКА СІМФЕРОПАЛЮ:

“Усе заходнія медыі кажуць, што гэта замежная дзяржава. Але для нас гэта не замежная дзяржава, а нашыя браты”.

Далучыцца праз рэферэндум пастанавілі і ў Данецку, дзе напярэдадні прарасейскія актывісты захапілі 2 паверхі абласной адміністрацыі. А вось у Адэсе перавага – на баку прыхільнікаў Украіны. Адэса – адзін з гарадоў, у якія Пуцін гатовы ўвесці войскі.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:

“Мы пакідаем за сабою права выкарыстоўваць усе сродкі для абароны сваіх грамадзянаў”.



Расейцам ва Украіне нічога не пагражае, кажуць на Майдане.

ЖЫХАР КІЕВА:

“Мы мяркуем, што праблема не між Расеяй і Украінаю, а праблема, напэўна, ёсць між уладамі Расеі ды Украіны”.

Тым не менш, уварванне Расеі ў Крым выклікала сярод украінцаў хвалю патрыятызму.

ЖЫХАР КІЕВА:

“Трэба рыхтавацца да вайны. Але ўсе мы хочам міру”.

Але ці хочуць рускія вайны? Тыя неапазнаныя ўзброеныя людзі, што яшчэ ўчора называлі сябе старэйшымі братамі, – ці гатовыя яны страляць ва ўкраінскіх жаўнераў, амаль такіх жа, як яны?

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў