Беларусы пратэстуюць у 7 разоў менш за украінцаў (Інфаграфіка)


Што прымушае беларусаў пратэставаць і ці ўсіх за гэта пераследуюць улады?

Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» падрыхтаваў маніторынг пратэставай актыўнасці ў Беларусі за 2013 год.

Назіранне зафіксавала 103 пратэставыя выступленні. З іх 64 мелі палітычны змест. У адрозненне ад Украіны, дзе шмат акцыяў праходзіць з удзелам болей за 1000 чалавек, у Беларусі пераважаюць адзіночныя пікеты і флэш-мобы.

У трэндзе – адзіночныя пікеты

З 64 леташніх палітычных пратэстаў толькі 24 абышліся без арыштаў, штрафаў ці іншых рэпрэсійных захадаў з боку ўладаў. Варта дадаць, што ўціск быў у тым ліку на дазволеных уладамі масавых акцыях: на Дзень Волі, падчас «Чарнобыльскага шляху», на Дзяды.

З гэтай прычыны палітычныя арганізацыі ўсё часцей абіраюць такую форму пратэстаў, як адзіночны пікет. Гэта дазваляе дасягнуць галоўнай мэты – медыйнага розгаласу і пры гэтым мінімізаваць рэпрэсіі ў дачыненні актывістаў.

Траціна ўсіх палітычных пратэстаў – гэта традыцыйныя штогадовыя акцыі: «Чарнобыльскі шлях», угодкі Слуцкага збройнага чыну, святкаванне Дзядоў ды інш. На другім месцы – акцыі салідарнасці з палітзняволенымі. Далей ідуць выступы з сацыяльным падтэкстам (супраць кантрактаў, карупцыі, «Стоп падатак» і г. д.). Пераважная большасць палітычных акцыяў праходзіла ў Менску. Затым ідуць абласныя цэнтры. Вылучаецца Горадня, дзе пратэстаў не зафіксавалі.

Сацыяльныя пратэсты дасягаюць сваіх мэтаў

Маніторынг зафіксаваў 39 сацыяльных пратэстаў. Пераважна гэта рэакцыя на жыллёвыя і працоўныя канфлікты, а таксама прадпрымальніцкія страйкі. Самыя распаўсюджаныя формы – сходы, страйкі, галадоўкі, зборы подпісаў.

У адрозненне ад палітычных акцыяў, рэпрэсіўныя захады да ўдзельнікаў сацыяльных пратэстаў ужываюцца вельмі рэдка. Зафіксавалі толькі некалькі такіх эпізодаў. У больш як палове выпадкаў пратэсты былі паспяховыя ці адносна паспяховыя: ліквідаваліся пазыкі ў заробках, прадпрымальнікі дамагаліся адтэрмінавання новых правілаў Мытнага саюзу ды інш.

Менск аказаўся лідарам не толькі ў палітычных акцыях, але таксама і ў змаганні жыхароў супраць забудонікаў. Прадпрымальніцкія і працоўныя страйкі былі больш раўнамерна размеркаваныя па рэгіёнах.

Аўтары даследавання прагназуюць рост пратэставай актыўнасці бліжэйшымі гадамі. Адмыслоўцы звязваюць гэта з прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года, а таксама з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне. Што датычыць рэакцыі ўладаў, то даследнікі чакаюць ўзмацнення рэпрэсіяў супраць удзельнікаў публічных вулічных акцыяў.

Вадзім Быліна, belsat.eu

Стужка навінаў