Пуцін: Калі пачнецца вайна, мяне гэта не турбуе


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін праводзіць прэс-канферэнцыю ў справе Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ОНЛАЙН-ТРАНСЛЯЦЫЮ ПРЭС-КАНФЕРЭНЦЫІ УЛАДЗІМІРА ПУЦІНА

Уладзімір Пуцін заявіў, што ўжыванне сілы ва Украіне з боку Расеі – гэта скрайняя захада, але яна магчымая. «У нас ёсць зварот легітымнага прэзідэнта Януковіча аб увядзенні войскаў на тэрыторыю Украіны», – нагадаў ён.

«Ва Украіне – разгул неанацыстаў, нацыяналістаў і антысемітаў», – паведаміў Пуцін і распавёў пра тое, што падчас захопу офісу Партыі рэгіёнаў майданаўцы аднаго рэгіянала «застрэлілі на вачах народу», іншага – закідалі ў падвале кактэйлямі Молатава і «спалілі жыўцом».

Паводле яго, нацыяналістычныя сілы пачалі падцягвацца да Крыму. Калі «пачнецца бязладдзе і людзі папросяць аб дапамозе», Расея ўжыве сілу. Тут Пуцін заўважыў, што Узброеныя сілы Украіны і Расеі – гэта «таварышы і сябры, яны ведаюць адзін аднаго». Расейскі прэзідэнт падзякаваў богу, што ў Крыме не прагучала ніводнага стрэлу.

Пуцін заявіў, што ў Крыме дзеялі не расейскія салдаты, а мясцовыя сілы самаабароны. Форму купілі ў крамах: яна ўсюды даступная, сказаў Пуцін.

На пытанне журналісткі, ці не турбуе Пуціна тое, што ва Украіне можа пачацца вайна, ён сказаў: «Не, мяне гэта не турбуе. Няхай толькі паспрабуе нехта з вайскоўцаў [украінскіх. – belsat.eu] страляць у сваіх людзей, за якімі будуць стаяць нашыя вайскоўцы. Няхай яны паспрабуюць страляць па жанчынах і дзецях!»

Майдан справядліва патрабаваў змены лідараў, і тут ён з ім згодны. Але, паводле Пуціна, новым лідарам у такой сітуацыі можа стаць «полуфашиствующий элемент». Але змена ўлады была патрэбная, сцвердзіў ён. Бо «бандытызм і кумаўство» ўкраінцаў расчаравалі.

На пытанне, ці жывы Віктар Януковіч, расейскі прэзідэнт паведаміў, што бачыўся з ім два дні таму, і той быў «жывы і здаровы». «Ён яшчэ прастудзіцца на пахаванні тых, хто распаўсюджвае такія звесткі», – «пажартаваў» Пуцін.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў