Сітуацыя ўсё больш пагрозлівая. У Крыме каля 15 тыс расейскіх вайскоўцаў


Расея перакінула на ўкраінскі паўвостраў больш за 15 000 вайскоўцаў і не менш за паўсотні адзінак бронетэхнікі. Берагі Украіны ў Чорным моры блакуюць не менш як 10 ваенных караблёў. Расея сцягвае ўзброеныя сілы і да сухапутных межаў з Украінаю.

Расейцы, што называюць сябе стыхійна арганізаванаю самаабаронаю Крыму, захапілі або блакуюць большасць стратэгічных аб’ектаў на паўвостраве. Украінскія вайскоўцы пакуль трываюць пры тактыцы не паддавацца на правакацыі ды супрацьстаяць у выпадку нападаў.

{movie} Два крокі да вайны|right|15131{/movie}

СЯРГЕЙ ШАМШУРА, КЕРЧАНСКІ АТРАД МАРСКОЙ АХОВЫ:

“На гэты момант мы падпарадкоўваемся дзяржаўнай памежнай службе Украіны…”

А невядомыя ў камуфляжы гатовыя страляць у журналістаў, абы не трапіць у кадр. Абараняць вайскоўцаў ад вайны спрабуюць іхныя сваякі. Жанчыны ідуць да вайсковых базаў, спадзяюцца, што ў іх страляць не будуць.

СВЯТЛАНА, ЖОНКА ЎКРАІНСКАГА ВАЙСКОЎЦА:

“Неасцярожны стрэл якога псіха прывядзе да таго, што пачнецца страшнае…”

Гэта вайсковая база ў сяле Перавальнае. Сотні расейскіх спецназаўцаў заблакавалі вайсковую частку. Мясцовыя жыхары ўжываюць супраць іх святую ваду.

ВАЛЕРЫЙ БОЙКА, НАМЕСНІК КІРАЎНІКА БРЫГАДЫ:

“Я далёкі ад думкі, што будзе штурм і будзе вайна”.



Аднак не паўсюль супрацьстаянне ідзе мірным шляхам. Падчас штурму Севастопальскай брыгады тактычнай авіяцыі пацярпеў украінскі афіцэр, яго кантузіла расейскімі шумавымі гранатамі. А ў Балаклаве спецназаўцы жорстка збілі вайскоўцаў за тое, што ўкраінцы адмовіліся перайсці на бок так званага крымскага войска. Адмовіліся здрадзіць і марскія афіцэры ў штабе вайскова-марскіх сілаў, вербаваць якіх прыехаў “камандуючы ВМС Рэспублікі Крым” Дзяніс Беразоўскі. Прыехаў марна.

СЯРГЕЙ ГАЙДУК, КІРАЎНІК ВМС УКРАІНЫ:

“Мы застаемся верныя прысязе народу Украіны і выконваем свой канстытуцыйны абавязак”.



Расейскі спецназ спрабаваў захапіць нават крымскае Упраўленне дзяржаўнай пенітэнцыярнай службы Украіны, што адказвае за турмы ды ізалятары. Аднак прысягнуць на вернасць прэм’ер-міністру Сяргею Аксёнаву, чалавеку з крымінальным мінулым, афіцэры адмовіліся. Сёння ўначы расейскія знішчальнікі Су-27 парушылі паветраную мяжу Украіны над Чорным морам. Гэта класічны прыклад вайсковай правакацыі. Але украінскае Міністэрства ўнутраных справаў чакае правакацыяў на зямлі.

МІКОЛА ВЕЛІЧКОВІЧ, НАМЕСНІК МІНІСТРА ЎНУТРАНЫХ СПРАВАЎ:

“Невядомыя плануюць пад выглядам украінцаў забіць трох-чатырох расейскіх жаўнераў, каб легітымізаваць увядзенне расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны”.



Расея будзе абараняць сваіх грамадзянаў у Крыме так, як захоча, – з такім настроем адбылася сёння размова між расейскім прэм’ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым і ягоным украінскім калегам Арсеніем Яцэнюком. Мядзведзеў заявіў Яцэнюку, што ў выпадку супраціву ўкраінскія чыноўнікі будуць несці адказнасць.

Таксама сёння Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў загад аб стварэнні кампаніі, што будзе будаваць мост праз Керчанскую пратоку, – якраз калі стала вядома аб захопе керчанскай паромнай пераправы расейскімі вайскоўцамі без апазнавальных знакаў і пра вялікую колькасць бронетэхнікі з расейскага боку пратокі. Мост грунтоўна звяжа Крым з Расеяй і, паводле Мядзведзева, паслужыць развіццю гандлю ды інвестыцыяў. Аднак у Кіеве непакояцца, што падчас зацяжнога супрацьстаянне ў Крыме мост будуць ужываць для манеўраў расейскія войскі. У Крым праз яго можна будзе перакінуць, напрыклад, танкі з Каўказу. Там, між іншага, базуюцца тыя чачэнскія войскі, што ўжо ваявалі ў Грузіі, калі Расея заняла Абхазію і Паўднёвую Асецію.

РАМЗАН КАДЫРАЎ, ПРЭЗІДЭНТ ЧАЧЭНІІ:

“Я гатовы выехаць ва Украіну, у нас ёсць добраахвотнікі, не адзін, не тысяча, а дзясяткі тысячаў, якія з задавальненнем абароняць украінскі народ, расейскі народ, казакоў, татараў”.

Добраахвотнікаў дапамагаць Расеі ва Украіне і так нямала – напрыклад, у Харкаве.

ЖЫХАР ХАРКАВА:

“Я прысягу даваў на вернасць Савецкаму Саюзу. Для вас яго няма, а для мяне няма ўкраінскай дзяржавы”.



У Харкаве памерлі два актывісты Еўрамайдану, якіх жорстка збілі прарасейскія актывісты, што захоплівалі абласную адміністрацыю ў суботу. Тое самае адбывалася сёння ў Данецку. А ў горадзе Мікалаеў прыхільнікі Савецкага Саюзу заблакавалі дарогі, каб не прапусціць вайсковую тэхніку, што едзе на Крым, і актывістаў Еўрамайдану.

УДЗЕЛЬНІК БЛАКАВАННЯ:

“Мы стаім тут, каб не дапусціць сюды з Кіева, з Заходняй Украіны ўсіх гэтых фашыстаў, што хочуць тут перакуліць горад дагары нагамі”.



Але дзе ж тыя фашысты-западэнцы? У Львове ўлады і жыхары гораду прынялі каля 20 сем’яў уцекачоў з Крыму, а на тыдні тут чакаюць каля сотні крымскіх татараў. Разгулу ксенафобіі, пра які кажуць крамлёўскія тэлеканалы, няма і ў сталіцы.

СВЯТЛАНА І УЛАДЗІМІР, ЖЫХАРЫ КІЕВА:

“Мы супраць канфлікту. Мы за тое, каб былі мір і сяброўства. Мы не хочам вайны”.

“Каб не забівалі адзін аднаго, каб людзі жылі спакойна, паўсюдна, на ўсіх кантынентах”.

Вайны тут не хочуць, але здавацца ў палон не хочуць яшчэ больш.

ЛЮДМІЛА, ЖЫХАРКА КІЕВА:

“Цяпер у ваенкаматы нашыя дзеці ідуць, а як трэба, то мы пойдзем у народнае апалчэнне”.

Украінцы не хочуць, і каб да ўлады вярнуўся стаўленік Масквы Віктар Януковіч. Дарэчы, ягоныя звесткі з’явіліся сёння на сайце Міністэрства ўнутраных справаў Украіны у рубрыцы “Вышук”.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў