STARавіны. Як беларускі маляваліся сажаю і бураком


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як адзяваліся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.



Што рабілі раней беларускія жанчыны, каб быць прыгожымі і падабацца?

На пачатку цытата з нататкі Б.Зайца: «Цяпер моладзь апошнюю капейку аддае на тое, каб мець камашы, галёшы, панскі гарнітур, каўнерыкі. Дзяўчаты яшчэ болей строяцца, некаторыя да таго дайшлі, што нават малююць сабе сажай (ці іншай якой брыдой) бровы і чырвонай паперай ці бураком колеры на твары» (Наша ніва, 1913, № 32, с. 3). Аднак, не ўсё выглядала так і было на такім узроўні, пра што сведчыць шматлікая рэклама ў газетах стогадовай даўніны.

У тыя часы важна было мець добрыя валасы і фрызуру. Рэклама заклікала пафарбаваць валасы ў колеры ад пяшчотнага светла-русага да чорнага фарбаю з «арэхавага экстракту № 4711» ці такою самаю фарбаю ад парфумера Фэрдынанда Мюльгенса, пастаўшчыка двара Яго Вялікасці (МВ, № 247, с. 5; 1913, 2(15)04.). Сівым валасам можна было вярнуць натуральны колер, дзякуючы расліннаму прэпарату «INNOCENCE 999» – апошняй навіне, «якая выціснула са звароту ўсе фарбы і вадкасці, якія існавалі дагэтуль, і якія так шкодзілі цыбулінам і нервам валасоў» (МВ, 1913, 10(23)07). Цырульня С.І. Гінзбурга з сынамі ў лістападзе 1913 года паведамляла, што адмыслова для дам у Магілёў з Пецярбургу запрасілі «спецыяліста дамскай справы» (МВ, № 247, с. 5).

У сумачцы кожнай жанчыны знойдзецца месца для касметыкі. Гэтак было і 100 гадоў таму. Ф. Мюльгенс прапаноўваў ружовае крыштальнае мыла з багатым утрыманнем гліцэрыну, якое, як падавалася, добра ўздзейнічае на скуру – «прыдае скуры і колеру твару тую пяшчоту, гладкасць і эластычнасць, якую лічаць сапраўднымі прыкметамі надзвычайнай прыгажосці» (МВ, 1913, 5(18)04). Мыла ксяндза Кнэйпа супраць рабаціння, прышчоў і вугроў, скураных хваробаў рэкламаваў «Магілёўскі веснік» (1913, 7(20)04). Амерыканскае мыла, крэм і пудру прапаноўвала фірма «Казімі Метамарфоза». Гэтую касметыку рэкамендавалі для белі твару і супраць рабаціння. Яна, паводле гандляроў, дапамагала змагацца з вуграмі, плямамі, няроўным загарам, зморшчынамі і дасканала хавала іншыя дэфекты твару. (Наш край, № 49, с. 1; МВ, № 54, с.4). А яшчэ газеты прапаноўвалі купіць «Тлустую пудру № 4711», якая гарантавала «поўную няшкоднасць і дасягненне свежай маладосці твару» – і ўсяго за 30 кап. (№ 54 8(21). 03, с.4).

Акцыянернае таварыства варшаўскай парфумернай фабрыкі «Фрыдрых Пульс» прадавала гліцэрынавае мыла, духі, адэкалон (МВ, 1913, 5(18)04). «Паколькі распаўсюджваюцца газетамі з боку канкурэнтаў ілжывыя чуткі пра нашу фірму, заяўляем, што, маючы паўстагоддзя пакупнікой і спажыўцоў розных народнасцяў паўсюль, мы пераследуем толькі камерцыйныя, а не палітычныя мэты», – заяўляла кіраўніцтва фабрыкі.

Зразумела, ахапіць усе ранейшыя метады і сродкі, з дапамогаю якіх жанчыны імкнуліся да прыгажосці, – надзвычай складана. Але ўжо ў наступным эсэ з гэтай серыі – як адзяваліся нашыя продкі ды якому абутку аддавалі перавагу. Пералічыць жа ўсё, што выкарыстоўвалі раней для лепшага выгляду, проста немагчыма, да таго ж – кожная жанчына і без прыўкрасаў заўсёды асаблівая і непаўторная ў сваёй уласнай прыгажосці.



Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў