Расейскія войскі захапілі пераправу у Керчы


Паромную пераправу могуць выкарыстаць для масавага транспартавання бронетэхнікі і жаўнераў з тэрыторыі Расеі.

Тое, што на пераправе «Крым–Каўказ» з расейскага боку заўважанае збіранне бронетэхнікі, украінскія памежнікі паведамлялі ў нядзелю ўвечары. Адначасова з гэтым працягваюцца актыўныя перамяшчэнні расейскіх вайсковых караблёў у акваторыі Чорнага мора.

Паводле памежнікаў, сітуацыя ў Крыме абвастрылася пасля заявы старшыні Вярхоўнай Рады Крыму Уладзіміра Канстанцінава пра несаступлівасць службоўцаў памежных войскаў. Сайт украінскіх памежнікаў паведамляе пра «сістэмныя напады». Гэтак, учора ўвечары група расейскіх спецназаўцаў напала на аддзел памежнай службы «Керч». Яны выбілі шыбы, дзверы, знішчылі сродкі сувязі і аўтаматызаваныя працоўныя месцы ў кабінетах падраздзялення.

Падчас захопу памежных падраздзяленняў адбываецца грубае прымяненне фізічнай сілы, пагрозы зброяй і запалохванне. Адмыслоўцы расейскага спецназу спрабуюць псіхалагічна ціснуць на ўкраінскіх памежнікаў і патрабуюць падпарадкавацца новаму кіраўніцтву Крыму.

«У гэтых складаных умовах памежнікі стрымліваюць нападнікаў і не дапускаюць іх у пакоі захоўвання зброі», – паведамляе памежная служба.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў