Макей хоча асаблівага стаўлення ад Еўразвязу


«Не трэба вылучаць адныя і тыя ж патрабаванні да ўсіх краінаў-удзельніц «Усходняга партнёрства». Мы хочам мець добрыя адносіны з Еўрапейскім звязам, але ўзровень гэтых адносінаў мусіць адрознівацца», – заявіў кіраўнік беларускага МЗС. Уладзімір Макей падкрэсліў, што «нельга ўпірацца толькі ў патрабаванні вызвалення пэўнай колькасці асобаў».

Беларускі бок спадзяецца, што прагрэс у адносінах з ЕЗ будзе незваротны. Высокі чыноўнік заявіў пра гэта ў інтэрв’ю праграме «Галоўны эфір» тэлеканалу «Беларусь 1».

«Ёсць пэўныя паляпшэнні. Яны звязаныя найперш з тым, што, як нам здаецца, нашыя еўрапейскія партнёры пачынаюць разумець: сітуацыя, якая склалася ў адносінах паміж Еўрапейскім звязам і Беларуссю, зайшла ў тупік. І нельга ўпірацца толькі ў патрабаванні вызвалення пэўнай колькасці асобаў, якія панеслі канкрэтныя пакаранні за канкрэтныя крымінальныя дзеянні. Гаворка мусіць весціся зусім пра іншае. Гаворка мусіць весціся пра доўгатэрміновую стратэгію выбудоўвання адносінаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам», – зазначыў Уладзімір Макей.

Паводле чыноўніка, неабходна вызначыцца, што важна для Еўропы: «Еўропе важна мець Беларусь як суверэнную, незалежную, тэрытарыяльна цэласную дзяржаву, якая робіць свой унёсак у забеспячэнне еўрапейскай стабільнасці і бяспекі. Беларусь мае быць выспаю стабільнасці і бяспекі з пункту гледзішча Еўропы. Давайце паставім гэтую мэту і будзем рухацца да гэтае мэты».

Паводле Макея, адбыліся і перамовы пра ўдзел Беларусі ва «Усходнім партнёрстве»: «Мы мяркуем, асабліва з улікам апошніх падзеяў ва Украіне, што гэтая ініцыятыва мае патрэбу ў перафарматызацыі. Не трэба вылучаць адныя і тыя ж патрабаванні да ўсіх краінаў-удзельніц «Усходняга партнёрства». Мы хочам мець добрыя адносіны з Еўрапейскім звязам, але ўзровень гэтых адносінаў мусіць адрознівацца. Зыходзячы з гэтага, ЕЗ таксама мусіць выбудоўваць свае адносіны, дыферэнцыявана падыходзіць да ўдзельнікаў ініцыятывы».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў