Пракаповіч і людзі з калгасу. Хто сёння носіць званне Героя Беларусі?


Ці можна лічыць геройствам тое, за што людзі атрымліваюць грошы? І на каго, паводле ўладаў, мусяць раўняцца беларусы?

Украінскія дэпутаты прагаласавалі, каб загінулым падчас пратэстаў у Кіеве, «нябеснай сотні», у тым ліку беларусу Міхаілу Жызнеўскаму, прысвоілі званне Герояў Украіны. Лукашэнка ж у гэты час прызнаў Героем Беларусі Дар’ю Домрачаву.

Яна стала 11-ай у «геройскім» спісе і першаю жанчынаю, якая ў ім аказалася.

Перад спартоўкаю ў спіс трапілі:

2006 год

  • мітрапаліт Філарэт
  • мастак Міхаіл Савіцкі
  • кіраўнік СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Васілій Равяка
  • былы кіраўнік праўлення Нацбанку Пётр Пракаповіч
  • гендырэктар Белаўтатрактарабудавання Міхаіл Высоцкі

2001 год

  • старшыня сельгаскааператыву «Кастрычнік» Віталій Крамко
  • старшыня агракамбінату «Сноў» Міхаіл Карчміт
  • былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандр Дубко
  • гендырэктар БелАЗу Павел Марыяў

Першы Герой Беларусі

Першым жа Героем у 1996 годзе стаў лётчык Уладзімір Карват, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля ўратавання іншых, адвёўшы самалёт, які падаў, ад населенага пункту.

Цягам 18 гадоў ён быў адзіным у спісе, хто атрымаў званне за подзвіг. Сёлета да подзвігу прыраўнялі і заваяванне Домрачаваю трох залатых медалёў на Алімпіядзе, праўда, адзначылі, што ейны подзвіг «спартовы».

Усе астатнія аказаліся ў спісе за выбітную працу або за асабісты ўнёсак у пэўную дзейнасць. Аднак ці дастаткова гэтага, каб быць Героем Беларусі?

«Тое, за што людзі атрымліваюць грошы, нельга лічыць геройствам»

«Герой – чалавек, чый гераічны ўчынак варты паўтору, – лічыць палітолаг і грамадскі дзеяч Алесь Лагвінец. – Над Беларуссю сёння вісіць савецкая спадчына. Таму званне Героя носіць фармальна-казённы характар. Улада інструменталізуе гэтае паняцце, каб гарантаваць знаходжанне ў ёй тых, хто там ёсць».

Паводле спадара Лагвінца, вайсковец, які дапамог іншым коштам свайго жыцця, – варты пашаны і прызнання. Калі ж людзі атрымліваюць званне Героя за працу ў калгасе, гэта саветчына, мяркуе дзеяч. «Тое, за што людзі атрымліваюць грошы, нельга лічыць геройствам».

«Казённая героіка» Беларусі

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі таксама лічыць, што панятак гераізму ў Беларусі адлюстроўвае працяг савецкай ідэалогіі. «Героіка ў нас казённая. Дасюль эксплуатуецца тэма подзвігу, тэма Вялікай Айчыннай вайны. Таму гучаць сцверджанні, накшталт: «Мы перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне і Захад мусіць быць нам удзячны». Падтэкст такі: не трэба нас крытыкаваць за тое, што няма дэмакратыі».

Спадар Класкоўскі падкрэсліў, што ўчынак лётчыка Уладзіміра Карвата, бясспрэчна, заслугоўвае ўганаравання, наконт жа іншых носьбітаў гэтага звання ўзнікаюць пытанні. «У спісе цэлы шэраг аграрнікаў. Я не хачу кідаць камень у таго ці іншага чалавека, але ж мы ведаем, што аграрная галіна ў Беларусі фактычна дасюль існуе ў савецкай парадыгме. Яна, па вялікім рахунку, стратная. Туды ўвальваюць вялікія грошы, а эфектыўнасць гаспадарчай вытворчасці нізкая. І таму незразумела, чаму ў нас большая частка герояў Беларусі – аграрнікі».

Пракаповіч – “герой”, адказны за фінансавы абвал

Хоць Пятра Пракаповіча ўзнагародзілі раней, ягонае імя цвёрда звязанае з фінансавым абвалам 2011 года, падкрэсліў адмысловец. Таму гэтая высокая ўзнагарода шмат кім успрымаецца іранічна, як прыклад таго, што трэба думаць, узважваць і не спяшацца з высокімі ўзнагародамі, асабліва, калі чалавек перабывае на выбухова небяспечнай пасадзе, мяркуе спадар Класкоўскі.

“У промнях славы Домрачавай хочуць пагрэцца ўлады”

Спрэчнае таксама «геройства» Дар’і Домрачавай, хоць ніхто не ставіць пад сумнеў ейны фенаменальны поспех, падкрэсліў адмысловец. «Па-першае, сёння спорт стаў касмапалітычным. І калі паглядзець, хто заваёўваў для Беларусі медалі на гэтай алімпіядзе, дык гэта найперш, так бы мовіць, варагі. Людзі, якія пераехалі з іншых краінаў. Нельга кідаць камяні, але званне «Герой Беларусі» вымагае адпаведнага беларускага кантэксту. А так добры спартовец едзе ў тую краіну, дзе яму прапануюць лепшыя ўмовы. Вось і ўсё».

Другі спрэчны момант уганаравання Домрачавай – гэта спекуляцыйны падыход уладаў, жаданне неяк прымазацца да гэтай перамогі, дадаў спадар Класкоўкі. «Сёння кепская эканамічная сітуацыя і рэйтынг афіцыйнага кіраўніцтва падае. За кошт жа спорту можна пагрэцца ў прамянях славы і трошкі, магчыма, падвысіць свой рэйтынг».

Чаму кіраўнік краіны зрабіў Героямі кіраўнікоў калгасаў?

Паводле спадара Класкоўскага, спіс герояў Беларусі адпавядае густу кіраўніка Беларусі. «Калі згадаць біяграфію і нейкія прыярытэты афіцыйнага кіраўніка, то ўбачым, што ён аграрнік, як сам аднойчы сказаў, праваслаўны атэіст і, натуральна, фанат спорту. Мы бачым, што ў пантэоне пераважаюць фігуры з адпаведных сфераў. То бок на відавоку суб’ектыўны падыход: каго хачу, таго і ўзнагароджваю», – заўважыў эксперт.

Паводле Канстытуцыі Беларусі дзяржаўныя ўзнагароды прысвойвае кіраўнік краіны.

А як лічыце вы, хто з сучасных беларусаў заслугоўвае званне Героя? Выказвайцеся ў каментарах.

Настасся Маланка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары