Каля амбасады Расеі ў Менску затрымалі каля 30 чалавек. Будуць суды (абноўлена)


Сярод затрыманых – грамадскія актывісты, удзельнікі акцыі пратэсту супраць дзеянняў РФ ва Украіне, а таксама журналісты, якія планавалі асвятляць акцыю. На дадзены момант супрацоўнікаў медыяў адпусцілі.

Сярод затрыманых – сустаршыня «Маладога фронту», былы палітвязень Зміцер Дашкевіч. Паводле слоў яго жонкі Насты Дашкевіч, Змітра затрымалі, калі той збіраўся перадаць у амбасаду петыцыю. Зміцер Дашкевіч паведаміў: на трох-чатырох затрыманых, у тым ліку на яго, цяпер складаюць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Суды чакаюцца заўтра, 3 сакавіка.

{movie}Журналісты ў міліцэйскім пастарунку пасля затрымання каля пасольства Расеі |right|15102{/movie}

Напярэдадні на сайце «Маладога фрону» з’явілася паведамленне аб запланаванай акцыікаля амбасады РФ «супраць расейскай інтэрвенцыі на тэрыторыю Украіны». Паведамлялася таксама, што падчас акцыі плануецца перадаць у амбасаду зварот супраць «расійскай акупацыі Крыму».

Па словах відавочцаў, каля дыппрадстаўніцтва стаялі міліцэйскія аўтамабілі і аўтазакі для перавозкі затрыманых, ахова амбасады была ўзмоцнена, у тым ліку людзьмі ў цывільным. Грамадскіх актывістаў, журналістаў, якія прыйшлі асвятляць мерапрыемства, пачалі затрымліваць яшчэ да прызначанага часу на подступах да амбасады. Было затрымана каля трох дзесяткаў чалавек, у ліку якіх, па дадзеных праваабаронцаў, апынуліся выпадковыя мінакі і нават супрацоўнік расейскай амбасады Аляксандр Пчэлінцаў.

Усе затрыманыя былі дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёну. Прыкладна а 15 гадзіне журналістаў пасля праверкі асобы пачалі адпускаць. Сярод затрыманых супрацоўнікаў медыяў былі відэааператар агенцыі «БелаПАН» Васіль Сямашка, фотарэпарцёр Уладзімір Грыдзін, журналісты Ірына Арахоўская, Сяргей Гапон, Яўген Ерчак, Іна Студзінская. Як паведаміў Васіль Сямашка, у цэлым абыходжанне з журналістамі ў міліцыі было карэктнае. У заключэнне Барсукоў нават прапанаваў падвезці журналістаў на службовым транспарце.

Паводле журналістаў, іх затрыманнем кіраваў асабіста кіраўнік УУС Менгарвыканкаму Аляксандр Барсукоў.

Грамадскія актывісты працягваюць заставацца ў міліцыі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў