Другі дзень расейскай акупацыі. Мінабароны Украіны кажа пра правакацыі (абнаўляецца + відэатрансляцыі)




02:30 Расейскія вайскоўцы захапілі амаль усе будынкі ўкраінскай ваеннай часткі № 4515 у Бельбеку, ужыўшы пры гэтым светлашумавыя гранаты. Пра гэта ”Украінскай праўдзе” паведаміў жаўнер роты аховы часткі Раман Бераговы.


“Расейцы прыехалі сюды тры дні таму. Спачатку яны занялі будынак, дзе знаходзіцца зала абслугоўвання дэлегацый, куды прыляталі Януковіч і іншыя. Наступны дзень занялі памяшканне, дзе нашы самалёты стаялі, потым атачылі вартай. Сёння расейцы штурмавалі каравул, кідалі светлашумавыя гранаты. Спачатку сказалі здаваць зброю. Каравул адмовіўся. А вечарам сталі закідваць светлашумавымі гранатамі”, – распавёў ён.


Па словах жаўнера, украінскія войскі не мелі загаду ўступаць у бой, таму яны не адказалі на правакацыі і здалі каравул ды склады.
01:50 Генеральная пракуратура Украіны распачала яшчэ адну крымінальную справу супраць экс-прэзідэнта Віктара Януковіча, сказаў в.а. генеральнага пракурора Алег Махніцкі.


«Пасля яго (Януковіча) выступу ў Растове-на-Доне, прынята рашэнне аб адкрыцці крымінальнай справы за спробы і заклікі звяржэння канстытуцыйнага ладу ва Украіне», – сказаў ён.
Супраць Януковіча ўзбудзілі раней дзве справы – за арганізацыію і здзяйсненне наўмысных забойстваў падчас масавых акцыяў у Кіеве.
{movie}Трансляцыя “Espreso TV”|right|15097{/movie}
{movie}Трансляцыя “Громадське ТВ”|right|15098{/movie}
00:50 Расеі трэба моцная Украіна, а не ”бедны родзіч, які вечна стаіць з працягнутай рукой”, напісаў на сваёй старонцы ў ”Фэйсбуку” прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў.


Мядзведзеў адзначыў, што хоць Януковіч страціў увесь аўтарытэт, далей застаецца ”легітымным кіраўніком дзяржавы”. ”Калі ён вінаваты перад Украінай – правядзіце працэдуру імпічменту паводле ўкраінскай Канстытуцыі (арт. 111) і судзіце яго”, – напісаў расейскі прэм’ер.


00:15 Пуцін пагадзіўся на прапанову Ангелы Мэркель датычна Крыму. Прэзідэнт Расеі ў тэлефоннай размове з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель пагадзіўся стварыць групу па расследаванні сітуацыі ў Крыме пад эгідай АБСЕ.
Падчас размовы Мэркель звінаваціла Пуціна ў парушэнні міжнародных дагавораў праз «недапушчальную інтэрвенцыю» ва Украіне. Канцлер Нямеччыны таксама заклікала расейскага прэзідэнта паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Пуцін назваў меры, якія прымаюцца Расеяй, адэкватнымі «экстраардынарнай сітуацыі», якая склалася.


23:40 Украіна можа перакрыць дзяржаўную мяжу з Расеяй, заявіў першы віцэ-прэм’ер Украіны Віталь Ярэма ў ток-шоў на ”5-ым канале”.


«Вырашаецца пытанне па перакрыцці Дзяржаўнай мяжы і ўсталяванні жорсткага кантролю пры перасячэнні мяжы грамадзянамі Расеі», – адзначыў Ярэма. Ён пацвердзіў факты дастаўкі на прарасейскія мітынгі ва ўсходнія рэгіёны Украіны грамадзянаў Расеі.
Правяраецца таксама інфармацыя пра тое, што ўкраінскія памежнікі за ўзнагароджанне садзейнічаюць перавозцы людзей з Расеі на аўтобусах.
22:50 Генпракуратура Украіны распачала крымінальную справу ў дачыненні былога кіраўніка Ваенна-марскіх сілаў Дзяніса Беразоўскага. Контр-адмірала вінавацяць у здрадзе радзімы пасля таго як ён адмовіўся падпарадкоўвацца Кіеву і перайшоў “на бок крымчанаў”.


22:45 Расейскія вайскоўцы без апазнавальных знакаў па-ранейшаму неахвотна ідуць на кантакт ды хаваюць твары. “Самі сябе ахоўваем, самі сябе кормім”, – сказаў адзін з жаўнераў мясцоваму жыхару пра сваю місію.


{movie}Расейцы ў Крыме: самі сябе кормім|right|15112{/movie}


22:23
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск: “Мы мусім спыніць агрэсіўныя крокі Расеі. Гісторыя сведчыць: той, хто ўвесь час саступае, мяркуючы, што такім чынам купіць мір, у выніку купляе толькі троху часу. Таму сёння патрэбная спакойная, ураўнаважаная і цвердая палітыка ў дачыненні Расеі”.


21:15 Міністр абароны адхіліў са службы камандуючага Ваенна-марскіх сілаў Украіны Дзяніса Беразоўскіага, заявіў у эфіры «Hromadske TV» дэпутат ад «Свабоды» Юрый Сірацюк.

Па словах дэпутата, такое рашэнне прынялі праз загад Бярозаўскага ўкраінскім вайскоўцам у Крыме не аказваць супраціву войскам РФ і скласці зброю ў выпадку блакавання вайсковых частак.

Здрада камандуючага, аднак, не азначае здраду ўсіх ВМС. У бліжэйшы час будзе прызначаны новы вайсковы кіраўнік, запэўніў спадар Сірацюк. Ён адзначыў, цяпер ёсць небяспека расцягвання флоту, бо Беразоўскі можа мець «сваіх» капітанаў караблёў.

У інтэрнэце выклалі відэа, як камандуючы Ваенна-марскіх сілаў Украіны Дзяніс Беразоўскі прыносіць прысягу новым уладам Крыму

{movie}Камандуючы Ваенна-марскіх сілаў Украіны Дзяніс Беразоўскі прыносіць прысягу новым уладам Крыму|right|15111{/movie}

20:50 В. а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў правёў тэлефонную размову з кіраўніком РПЦ патрыярхам Кірылам. Турчынаў папрасіў галаву РПЦ перадаць прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну, што агрэсію ў дачыненні ўкраінскага народу трэба спыніць.

20:15 АБСЕ збірае сёння надзвычайнае паседжанне, на якім разгледзяць сітуацыю ва Украіне.



20:00
У Крыме ўзброеныя асобы штурмам захапілі штабы Азоўска-Чарнаморскага рэгіянальнага кіраўніцтва памежнай службы і Сімферопальскага памежнага атраду, заявілі ў памежным ведамстве Украіны, перадае «Еспресо.TV».

«Нападнікі выламалі ўсе дзверы, знішчылі аўтаматызаваныя працоўныя месцы і сродкі сувязі», – паведаміў памочнік кіраўніка Дзяржаўнае памежнае службы Сяргей Астахаў.



19:15 Міністэрства абароны Украіны афіцыйна зняпраўдзіла паведамленне пра вывад караблёў берагавой аховы з Крыму. «
Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і ёсць правакацыяй, падрыхтаванай «спецыялістамі» замежных спецслужбаў для дэстабілізацыі сітуацыі на тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым», – заявілі ў міністэрстве.



Раней агенцтва «Reuters» паведаміла, што Украіна выводзіць з Крыму берагавую ахову. Караблі вывелі з Керчы ды Севастопалю і накіравалі на іншыя чарнаморскія базы – у Адэсу і Марыупаль. Польскае дзяржаўнае агенцтва PAP назвала гэта “фактычнай здачай” паўвострава расейскім войскам.

17:50 У Расейскай праваслаўнай царкве дзеянні расейскіх вайскоўцаў ва Украіне называюць «міратворчаю місіяй». Пра гэта заявіў кіраўнік сінадальнага Аддзелу ўзаемаадносінаў Царквы і грамадства протаіерэй Усевалад Чаплін.

«Яшчэ ў 1995 годзе Сусветны расейскі народны сабор заявіў, што расейскі народ – падзеленая нацыя на сваёй гістарычнай тэрыторыі, якая мае права на ўз’яднанне ў адзіным дзяржаўным целе, якое з’яўляецца агульнапрызнанаю нормаю міжнароднай палітыкі», – сказаў прадстаўнік РПЦ.

Протаіерэй выказаў надзею, што місія расейскіх жаўнераў ва Украіне не сустрэне «жорсткага супраціўлення, якое прывядзе да буйнамаштабных сутыкненняў».

17:10 У Пецярбурзе дэмакратычныя актывісты праводзяць серыю адзіночных пікетаў на Неўскім праспекце. Галоўны лозунг акцыі – «Не» вайне!».



16:50
Украінскія маракі ў Севастопалі не далі расейскім вайскоўцам вывезці зброю з вайсковай часткі 191-га вучэбнага атраду ВМС Украіны.

Раніцаю расейскія спецназаўцы прабраліся на тэрыторыю гарнізону і захапілі зброю. Аднак вывезці яе не змаглі: маракі перагарадзілі дарогу расейскаму цяжкавіку БТР-ам.

{movie}Украінскія вайскоўцы не далі вывезці зброю з вучэбнага атраду |right|15103{/movie}

16:20 Расейскія вайскоўцы заблакавалі ўкраінскіх жаўнераў на базе «Перавальнае» каля Сімферопалю, падае «Бі-бі-сі».



Заблакаваныя жаўнеры. Фота bbc.co.uk

15:50 Сёння раніцай паблізу крымскага ўзбярэжжа адбыўся землятрус, паведамілі ў Дзяржслужбе па надзвычайных сітуацыях Украіны. Яго магутнасць – 2,5-3 балы. Эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся на глыбіні 40 кіламетраў.



15:40 У Севастопалі невядомыя з аўтаматамі абясточылі штаб ваенна-марскіх сілаў Украіны, раскрыўшы падстанцыю насупраць штабу ВМС.

15:30 Спікер Вярхоўнай Рады Крыму Уладзімір Канстанцінаў прызнаў, што яму нічога не вядома пра ахвяраў сярод грамадзянаў Расеі ў Крыме. Нагадаем, старшыня Савету Федэрацыі Расеі Валянціна Матвіенка заявіла, што ў Крыме ёсць ахвяры сярод расейцаў. Гэта было адною з падставаў для прыняцця рашэння аб уводзе расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны.

15:15 Расея мусіць спыніць сваю дзейнасць ва Украіне, заявіў генеральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн.



15:10 Людзі ў вайсковай форме ачапілі тэрыторыю вайсковай часткі А-0669 у Керчы. Да брамы вайсковай часткі падагналі цяжкавік «Урал» з расейскімі нумарамі.





Жаўнеры апранутыя ў вайсковую форму Расейскай Федэрацыі і кажуць што яны з Расеі. Па перыметры часткі размясціліся байцы з аўтаматамі. Актыўных дзеянняў яны пакуль не робяць.

14:50 У Днепрапятроўску на Народнае веча сабралася каля 10 тыс чалавек. Людзі скандуюць на плошчы перад абласной дзяржаўнай адміністрацыяй: «Пуціна гэць» ды «Украіна – адзіная, непадзельная».

З’явілася відэа: Як украінскія вайскоўцы адмовіліся складаць зброю.

{movie}Як украінскія вайскоўцы адмовіліся складаць зброю |right|15100{/movie}

14:30 Амбасадары ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі пакінулі Расею, паведаміў расейскі апазіцыянер Міхаіл Касьянаў. «ЗША і Канада спынілі ўзаемадзеянне з РФ у рамках G8, іх паслы пакінулі Маскву. Оўбама пачаў кансультацыі ў НАТА. Самаізаляцыя РФ пачалася», – напісаў дзеяч у «Тўітары».



14:10
Вярхоўная Рада Украіны 300 галасамі выказалася за пастанову аб падтрыманні Узброеных сілаў Украіны.

Украінскі парламент запатрабаваў ад Расеі няўхільнага выканання базавых пагадненняў аб перабыванні Чарнаморскага флоту і заклікаў Пуціна не ўводзіць войскі ва Украіну.

Рада звярнулася да сусветнай супольнасці і дзяржаваў-гарантаў бяспекі Украіны з просьбаю накіраваць ва Украіну назіральніцкія місіі ды папрасіла дапамогі ў ахове ядравых аб’ектаў у краіне.

13:25 36-я брыгада ВС Украіны, якая месціцца ў паселішчы Перавальным, праз паўтары гадзіны можа быць атакаваная расейскім спецназам. Украінскія ваенныя заявілі, што будуць стаяць на смерць.



13:20 Ваенкаматы Кіева і Запарожжа працуюць ад 8:00, туды прыходзяць ахвочыя.
{movie}Расейскія вайскоўцы ў Крыме|right|15101{/movie}


12:00 Украінскія вайскоўцы адстаялі сваю частку ў Севастопалі. Расейскія войскі пакінулі атрад марскі аховы Дзяржаўнай Памежнай службы Украіны.


11:50 Тры былых прэзідэнта Украіны Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка заклікалі ўлады ў Кіеве разарваць Харкаўскія пагадненні пра базаванне Чарнаморскага флоту Расеі ў Крыме.


11:25 Расейская армія атакуе частку ўкраінскіх ВМС у Севастопалі, украінцы перагарадзілі ўезд, паведамляе чалец партыі “УДАР”.


11:00 Пазачарговае паседжанне Вярхоўнай Рады праходзіць у закрытым рэжыме праз разгляд пытанняў, якія складаюць дзяржаўную таямніцу.
10:51 Расейскія вайскоўцы выставілі ультыматум украінскім марскім пехацінцам у Феадосіі. Яны патрабуюць цягам гадзіны здаць зброю. Пра гэта паведамляе украінскі “Цэнтр журналісцкіх расследванняў”. Раней паведамлялася, што ўзброеныя расейскія вайскоўцы заблакавалі частку марскіх пехацінцаў Украіны.
{movie}Відэа: расейскія вайскоўцы ў Крыме|right|15099{/movie}
09:50 Узброеныя “перамоўнікі” прапануюць украінскім вайскоўцам у Крыме не аказваць супраціву расейскім войскам ды скласці зброю. Узамен абяцаюць “годныя ўмовы праходжання службы і сацыяльную абарону”.
08:40 У Крым масава прыязджаюць людзі, што называюць сябе “расейскімі казакамі”. Агенства УНІАН паведамляе пра тое, што расейскія вайскоўцы занялі былы аэрадром у Жанкое, які цяпер выкарыстоўваюць якперавалачную базу, у тым ліку і для “казакоў”.
08:00 Расейскае МЗС: уначы невядомыя спрабавалі захапіць будынак МУС Крыму. “У выніку здраніцкай правакацыі ёсць пацярпелыя” – паведамляе расейскае знешнепалітычнае ведамства.
Тым часам будынак крымскай Рады і Кабміну блакуюць узброеныя людзі з “самааховы”. Яны маюць такую ж зброю, што і жаўнеры расейскайга войска.


07:20 Ва Украіне абвешчаная мабілізацыя. З ваенкаматаў тэлефануюць вайсковазабаваязаным ды прызначаюць час збору ў ваенкаматах.
01:25 Пуцін Пан Гі Муну: у выпадку эскалацыі гвалту ў адносінах рускамоўнага насельніцтва на Усходзе Украіны і ў Крыме, Расея не застанецца ў баку і будзе прымяняць усе неабходныя захады ў межах міжнароднага права.
Пра намер адстойваць інтарэсы Расеі ды рускамоўных на тэрыторыі Украіны Пуцін заявіў таксама і ў тэлефоннай размове з Баракам Оўбамай.


00:58 ЗША і Вялікая Брытанія: Расея мае спыніць агрэсію ды ўступіць у канткат з украінскім Урадам.
00:26 Дзяржаўная памежная служба Украіны паведамляе, што вярнула кантроль над тэрыторыяй атраду марской аховы, куды раней уварваліся узброеныя людзі.
МЯ, МЛ, АК, belsat.eu

Стужка навінаў