Сынава доля. Як жывецца нашчадкам былых дыктатараў?


https://youtu.be/yssa3lIaZTc
У Швейцарыі шукаюць актывы зрынутага прэзідэнта Віктара Януковіча. Але ўвага следчых скіраваная таксама і на дзейнасць сына былога прэзідэнта Аляксандра. Яго падазраюць у адмыванні грошай. Як жывецца сынам зрынутых дыктараў і тым, хто яшчэ моцна трымаецца за ўладу?

Сям’я Януковічаў, чыя непамерная раскоша цяпер стала вядомая ўсяму свету, можа страціць большую частку свайго багацця. Найцяжэй хіба прыйдзецца малодшаму сыну – Віктару, які не хаваў задавальнення ад сваёй пазіцыі. Нягледзячы на дэпутацкую пасаду, яго часцей можна было пабачыць на гламурных імпрэзах, чымся ў парламенце.
{movie}Сынава доля|right|15081{/movie}
КАЦЯРЫНА ПРЫШЧЭПА, БІЗНЕС-ЖУРНАЛІСТ, УКРАІНА:
“Віктар Віктаравіч Януковіч… ягоная якасць жыцця, ягоны стыль жыцця былі, як у прадстаўніка залатой моладзі, і ён гэтым карыстаўся”.

А вось старэйшы сын Аляксандр у свой 41 год ужо стаў мільярдэрам. Уладальнік банку і будаўнік бізнес-цэнтраў, паводле ўкраінскіх журналістаў, старэйшы сын быў у цэнтры карупцыйных схемаў сям’і Януковічаў. Таксама яго падазраюць у аддаванні загадаў снайперскім групам, што расстрэльвалі людзей на Майдане.

ПАВЕЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
“Аляксандр Януковіч гуляў не апошнюю ролю ў палітычных пасьянсах і раскладах ва Украіне, хоць ён непасрэдна ў палітыку не ўваходзіў. Тым не менш, шмат людзей, што былі з ім звязаныя, напрыклад, былы выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Арбузаў меў з ім добрыя дачыненні, як і некаторыя з сілавікоў”.

Дзеці дыктатараў нярэдка падзяляюць лёс бацькі. У гэтыя дні ідзе суд над сынам Муамара Кадафі – Саіфам аль-Ісламам, а нашчадак і правая рука Садама Хусэйна Кусай загінуў у баі з амерыканскімі жаўнерамі. Праўда, шмат каму ўдаецца пераняць бацькаў прастол і захады кіравання. Як Башар аль-Асад у Сірыі, што трымаецца за ўладу ў стылі свайго бацькі Хафэза. Або Кім Чэн Ын – прадаўжальнік адзінай у свеце камуністычнай дынастыі. Свая кіроўная сям’я ёсць і ў Беларусі. Чым пахваляцца сыны Лукашэнкі?

ПАВЕЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
“Віктар займае вызначальныя пасады ў Беларусі, прынамсі ёсць кантралёрам усіх сілавых структураў. І гэта натуральна, бо блізкім людзям Лукашэнка давярае найбольш, а самыя блізкія – гэта сыны. Ну і вельмі шмат кажацца пра сцэнар перадавання ўлады ў Беларусі”.

Калі насамрэч перадаваць – то ў чальца Савету бяспекі Віктара Лукашэнкі шанцаў было б больш. Бо ягоны сярэдні брат Дзмітрый, прынамсі афіцыйна, займаецца толькі Нацыянальным алімпійскім камітэтам краіны.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, ЛІДАР ПАРТЫІ АГП:
“Так, ён можа прызначыць таго ж самага Віктара сваім пераемнікам – гэта адзін сцэнар. А можа быць другі сцэнар. Калі людзі выйдуць на вуліцу. Скажуць “не” гэтаму клану, гэтай сям’і, і тады не выключана, што наменклатура, якая каля ўлады, паспрабуе памяняць аднаго на другога. Пажадана з прозвішчам Лукашэнка”.

То бок, сцэнар магчымы толькі пры сур’ёзным крызісе ўлады. Таму нагодаў на павышэнне ў малодшых Лукашэнак бліжэйшым часам няма, але, як паказвае прыклад Украіны, вертыкаль улады можа змяніцца за некалькі дзён.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары