Анархісты распавялі пра масавыя затрыманні


Беларускія праваахоўнікі зладзілі цэлую аперацыю затрымання прыхільнікаў руху анархістаў ды іншых актывістаў у звязку з атакаю на расейскую амбасаду 30 жніўня.

Паводле інфармацыі сайту belarus.indymedia.org, праваахоўнікі затрымалі 11 чалавек. Трох з іх – Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча ды Ігара Трухановіча – дагэтуль трымаюць ў ізалятары. Прычым міліцыянты так і не знайшлі сапраўдных злачынцаў, якія кінулі два “кактэйлі Молатава” на тэрыторыю амбасады.

Падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі затрыманыя распавялі пра акалічнасці арыштаў ды ўтрымання за кратамі. Паводле аднаго з актывістаў, аператыўнікаў цікавіла інфармацыя аб руху анархістаў. Сілавікі не сталі дапытваць людзей, што маглі б пацвердзіць алібі затрыманых.

Адметнасцю гэтай аперацыі сталася шматразовае затрыманне актывістаў паводле розных абвінавачанняў. Як толькі сканчаўся адзін тэрмін, актывістаў затрымлівалі па іншай прычыне, ніяк не звязанай з атакаю на амбасаду: напрыклад, паводле артыкулу “хуліганства” або паводле заявы аб крадзяжы мабільнага тэлефона.

“Я ужо неаднаразова звяртаў увагу, што такая практыка не можа нас не турбаваць, – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. – Фактычна, такім чынам чалавека можна трымаць у следчым ізалятары бясконца, бо ўсе міліцэйскія аддзяленні заваленыя заявамі, напрыклад, аб крадзяжы мабільных тэлефонаў. І трымаць так чалавека, увесь час яго перазатрымліваць можна год, два, тры”.

belsat.eu

Стужка навінаў