Элвіс спяваў у Горадні за прабіты квіток


Песня за талончык – такою акцыяй у Горадні прапагандавалі аплату праезду ў грамадскім транспарце.

Дзверы аўтобуса № 17 зачыніліся, сумленны пасажыр прабіў свой квіток… і нечакана атрымаў прапанову выбраць, хто з артыстаў для яго праспявае. Эмі Ўайнгаўс, Бэёнсэ, Элвіс Прэслі, Джэніфэр Лопэс і Рыяна ці, дакладней, акторы ў іхных вобразах былі гатовыя аддзячыць пасажыру за выкананы абавязак.

Сварыцца з кантралёрамі з-за непрабітага талона не варта, упэўненыя ўдзельнікі гарадзенскага тэлепраекту «Ведай нашых». Таму яны вырашылі заахвоціць жыхароў аднаго з найбольш жорстка кантраляваных – у гэтым сэнсе – беларускіх гарадоў своечасова аплачваць за праезд праз адмысловую аплату – песню. Каб пачуць спеў у выкананні аднаго з сусветна вядомых спевакоў, трэба было ўсяго толькі прабіць талончык ці паказаць праязны білет.

Аднак звяртанне да сумлення пасажыраў не было галоўным матывам стварэння такой акцыі. Як распавёў арт-дырэктар тэлепраекту «Ведай нашых» Арцём Эйсмант, маладзёны нядаўна вярнуліся з Амстэрдаму. Уражанні ад наведвання славутага Музею мадам Цюсо яны хацелі перадаць і сваім суайчыннікам. «Мы хацелі данесці да публікі, што ёсць такая з’ява ў свеце, хацелі б прыцягнуць людзей да прыўкраснага», – гаворыць Арцём Эйсмант. Таму і пастанавілі выбраць персанажаў акцыі сярод постацяў, ппрадстаўленых у славутым музеі.

Чаму гэта не беларускія зоркі? «А вы б пазналі ўвогуле нашых спевакоў? – задае пытанне яшчэ адзін з арганізатараў акцыі Сяргей Іваноў, кіраўнік праекту «Жывая гісторыя». – Цяжка падбіраць касцюмы, грыміраваць, а як жа зрабіць пазнавальнымі артыстаў беларускай эстрады? Гэта пробны праект. Можа, нам у будучыні яшчэ і «Саладуха» заспявае».

Гарадзенцы, апошнім часам распешчаныя рознымі акцыямі, пачалі крытыкаваць у інтэрнэце чарговую задуму: маўляў, наступным разам пасажыр будзе патрабаваць, каб за аплачаны праезд яму заспяваў кіроўца аўтобуса. Аднак арганізатары, не звяртаючы шмат увагі на інтэрнэт-троляў, заклікалі людзей да мірнага спосабу развязання транспартных канфліктаў. «Транспарт – гэта зручна, гэта для людзей. Навошта негатыў?» – здзіўляецца Арцём Эйсмант.

Акцыя трывала адзін рэйс – ад школы № 3 на вуліцы Фамічова (раён Вішнявец) да вуліцы Белыя росы (раён Дзевятоўка). За гэтыя 15 прыпынкаў пасажыры маглі пачуць рэпертуар з гітоў «Back to Black» Эмі Ўайнгаўс, «Single Ladies» Бэёнсэ, «Tutti Frutti» Элвіса Прэслі, «Hot n Cold» Кейці Пэры, «Let’s Get Loud» Джэніфэр Лопэс і «Russian Roulette» Рыяны.

У галоўных ролях выступалі ўдзельнікі праекту «Ведай нашых» Настасся Палашавец, Вікторыя Дзянісенка, Аляксандр Вулейчык, Вікторыя Мельнікава, Дыяна Шымановіч і Марыя Баброўская. Мэйк-ап стварала візажыстка Вольга Коршак.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў