Кіраўнік Чачэніі: Чачэнцы гатовыя быць міратворцамі ў Крыме


«Не дамо пакрыўдзіць ні расейцаў, ні казакоў, ні чачэнцаў», – заявіў журналістам у Грозным лідар Чачэнскай рэспублікі Рамзан Кадыраў.



Калі спатрэбіцца, прадстаўнікі Чачэніі гатовыя стаць назіральнікамі, міратворцамі, жаўнерамі і абараніць народ, выказаўся чачэнскі кіраўнік.



На ягоную думку, падзеі, якія адбываюцца ў Кіеве, – мэтанакіраваны ціск на Расею праз Украіну: «Расея – моцная дзяржава, і я ўпэўнены, што кіраўніцтва краіны зробіць правільныя крокі. Украіну нельга аддаваць у рукі бандытаў і тэрарыстаў. Мы павінны абараняць свой ​​народ. Там пражывае нямала чачэнцаў, расейцаў, татараў, казакоў, і мы абавязаныя іх абараніць, дзе б яны не знаходзіліся».

Кадыраў лічыць, што «ўсякага роду нацыяналісты» ва Украіне спрабуюць «прыбраць да рук не толькі бізнес, але і маёмасць людзей, нажытую за доўгія гады сумленнай працай». Па словах лідара Чачэніі, гаворка ідзе аб маёмасці чачэнцаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі Украіны.

«Гэта не дазволена. Чачэнцы ніколі не прэтэндавалі на чужое, але і сваё нікому не аддадуць. Мы не дамо іх у крыўду, дзе б яны ні жылі. Ва Украіне не павінны крыўдзіць чалавека, які жыве па законах гэтай краіны. Сёння там дзеецца бяспраўе, хаос, людзі выходзяць на мітынгі, забіваюць дзяржслужбоўцаў», – упэўнены Кадыраў.

Паводле лідара Чачэніі, з Кіеву спрабуюць «разыграць татарскую карту» ў Крыме.

19 снежня 2013 года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін назваў «поўным глупствам і лухтой» магчымасць увядзення расейскіх войскаў у Крым для абароны сваіх суайчыннікаў: «Мы будзем змагацца за роўнасць правоў (расейскіх суайчыннікаў) – гэта тычыцца ўсіх дзяржаваў. Гэта зусім не азначае, што мы будзем махаць шашкай і ўводзіць войскі. Гэта поўнае глупства, поўная лухтаглупства. Нічога падобнага няма і быць не можа».

Нягледзячы на ранейшыя словы Пуціна, штораз часцей гучаць галасы пра рэальную магчымасць расейскай вайсковай інтэрвенцыі ў Крым.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.ua

Стужка навінаў