Вярхоўная Рада Крыму абвесціла аб правядзенні рэферэндуму


Прэзідыум Вярхоўнай Рады Аўтаномнай рэспублікі Крым выступіў са зваротам да жыхароў рэгіёну.

У звароце дэпутатаў прэзідыуму гаворыцца, што спакой у Крыме пастаўлены пад пагрозу ў выніку «неканстытуцыйнага захопу ўлады ва Украіне радыкальнымі нацыяналістамі пры падтрыманні ўзброеных бандфармаванняў». Учорашняе сутыкненне каля будынку крымскага парламенту чальцы прэзідыуму назвалі вынікам «разгулу палітычнага экстрэмізму і гвалту, які захлынуў краіну».

Прэзідыум крымскага парламенту лічыць адзіным магчымым шляхам выхаду з сітуацыі, якая склалася, правядзенне агульнакрымскага рэферэндуму аб пашырэнні аўтаноміі рэгіёну, што «дазволіць крымчанам самым без вонкавага ціску і дыктату вызначыць будучыню аўтаноміі».



Таксама прэзідыум звярнуўся да дэпутатаў Вярхоўнай Рады Крыму незалежна ад нацыянальнасці ды палітычнай прыналежнасці з заклікам ў гэтыя дні праявіць гатовасць ахвяраваць асабістымі амбіцыямі дзеля прыняцця важных для ўсіх жыхароў паўвострава рашэнняў. «Надышоў час напоўніць новым зместам фундаментальны прынцып шматнацыянальнага крымскага грамадства, вызначанага на гербе аўтаноміі «Росквіт ў адзінстве». Гэтак мы пераможам», – падкрэсліваецца ў звароце.

{movie}Жывая трансляцыя з Крыму|right|15040{/movie}

Прарвалі ачапленне

Група актывістаў з расейскімі сцягамі прарвала невялікае ачапленне міліцыі каля парламенту Крыму і падышла да будынку Вярхоўнай Рады.



Цяпер у Вярхоўнай Радзе Крыму спікер Уладзімір Канстанцінаў і чальцы прэзідыуму крымскага парламенту разглядаюць пытанне аб скліканні пазачарговай сесіі, паведамляюць крыніцы радыё «Свабода».

Паводле звестак некаторых дэпутатаў, на гэтай сесіі разгледзяць зварот да Расеі аб выхадзе Крыму са складу Украіны. З іншых крыніцаў вядома, што будзе разглядацца пытанне аб пашырэнні паўнамоцтваў крымскага парламенту, вяртанне Канстытуцыі 1992 года. Міліцыі каля парламенту не вельмі шмат, яны стаяць без спецыяльнага рыштунку, падало espreso.tv.

Прарасейскія актывісты заклікаюць прыхільнікаў далучацца да іх і блакаваць крымскі парламент, у якім ёсць невядомыя са зброяй.

Журналістаў прывіталі гранатай

У будынку Вярхоўнай Рады Крыму, які сёння раніцаю захапілі ўзброеныя невядомыя, падарвалі шумавую гранату, калі туды спрабавалі ўвайсці журналісты ўкраінскіх, расейскіх, турэцкіх ды іншых сусветных медыяў.



«Заходзіла ў парламент група журналістаў. Тыя, хто захапіў, узарвалі гранату. Сказалі: «Ідзіце прэч, будзем страляць! Унутры парламенту ёсць, як мінімум, адзін снайпер», – распавяла журналістка аднаго з кіеўскіх тэлеканалаў.

У людзей, якія сёння захапілі Вярхоўную Раду і будынак ураду Крыму, ёсць аўтаматычная зброя, гранаты і выбухоўка, заявіў спікер Вярхоўнай Рады і в. а. прэзідэнта Аляксандр Турчынаў.



Любыя спробы захопліваць адміністрацыйныя будынкі, хто б гэта ні рабіў, будуць расцэньвацца як злачынства супраць украінскай дзяржавы з усімі адпаведнымі вынікамі” , – дадаў спікер.

У Крыме сённяшні дзень абвесцілі выходным. Кіраўнік Савету міністраў аўтаноміі Анатоль Магілёў распачне сёння перамовы з людзьмі, што захапілі дзяржаўны будынак.

Чыноўнік заклікаў крымчанаў не набліжацца да захопленых будынкаў і захоўваць спакой, а ўсе палітычныя сілы – не дапусціць агрэсіі вуліцах гораду.

Будынкі Вярхоўнай Рады і Савету міністраў Крыму кантралююцца сіламі самаабароны расейскамоўнага насельніцтва, паведамляе unian.ua.

Будынкі крымскага парламенту і ўраду захапілі ўначы



Як распавёў працаўнік прэс-цэнтру крымскага парламенту, невядомыя людзі ва ўніформе без распазнавальных знакаў уварваліся ў будынкі Вярхоўнай Рады і Савету міністраў Крыму, знялі ахову і трапілі ўсярэдзіну. Цяпер над будынкамі паднятыя расейскія сцягі. Перад уваходам у будынак парламенту з усяго, што было на вуліцы, збудавалі барыкаду, а сам будынак ачапілі міліцыянты.

Патрабаванняў людзі, якія занялі дзяржаўны будынак, пакуль не выставілі.

МЯ, belsat.eu, паводле tsn.ua

Стужка навінаў