Ва ўрадзе народнага даверу ва Украіне няма нікога з партыі «Удар»


Рада Майдану на Народным вечы назвала склад ураду народнага даверу, які вынесуць на галасаванне ў Вярхоўную Раду 27 лютага.

На пасаду прэм’ер-міністра прапанавалі кандыдатуру лідара фракцыі «Бацькіўшчына» Арсенія Яцэнюка.

На пасаду віцэ-прэм’ера ў гуманітарнай палітыцы – грамадскую дзяячку і спявачку Вольгу Багамолец.

На пасаду віцэ-прэм’ера ў пытаннях еўрапейскай інтэграцыі – былога міністра замежных справаў Украіны Барыса Тарасюка.

На пасаду віцэ-прэм’ера ў пытаннях рэгіянальнай палітыкі – Уладзіміра Гройсмана, мэра Вінніцы.

На пасаду віцэ-прэм’ера – дзеяча «Свабоды» Аляксандра Сыча.

Стаць міністрам моладзі ды спорту прапанавалі лідару Аўтамайдану – Дзмітрыю Булатаву, узначаліць Міністэрства ўнутраных справаў даверылі былому старшыню Харкаўскай абласной адміністрацыі Арсэну Авакаву. На пасаду міністра культуры вылучылі заслужанага артыста Украіны Яўгена Нішчука, на міністра эканомікі — заснавальніка Кіева-Магілянскай бізнес-школы, прэзідэнта Кіеўскай школы эканомікі Паўла Шарамету.

Антыкарупцыйнае бюро прапанавалі ачоліць журналістцы Таццяне Чарнавол, а люстрацыйны камітэт – грамадскаму актывісту Ягору Собалеву.

На сакратара Рады нацыянальнай бяспекі вылучылі каменданта самаабароны Майдану Андрэя Парубія.

Не названыя засталіся кандыдатуры на пасады міністра інфраструктуры і міністра абароны, пра якіх яшчэ ідуць кансультацыі.

Ва ўрад народнага даверу не ўвайшоў ніводзін прадстаўнік партыі «Удар».

Лідар партыі Віталь Клічко патрабуе, каб спікерам Вярхоўнай Рады і в. а. прэзідэнта стаў былы віцэ-прэм’ер украінскага ўраду (1992–1993, 1994–1997), былы міністр эканомікі і фінансаў Віктар Пінзенік. Калі так не станецца, Клічко адмаўляе ўдзел партыі «Удар» у кааліцыі, паведамляе espreso.tv.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў