«Пачварнасць непрадуманая». Як у Менску ідзе аўральная будоўля


Каб дабудаваць пяцізоркавы гатэль «Кемпінскі» – 2 месяцы. Здаць навабуд да 1 траўня загадаў Аляксандр Лукашэнка. Ці ўкладуцца будаўнікі ў гэты тэрмін? Бо яшчэ зусім нядаўна кіраўніцтва сталіцы заяўляла, што здаць аб’ект раней за канец года не атрымаецца.

Будоўля, якая з самага пачатку выклікала нямала крытыкі. Ідэю паставіць у самым цэнтры Менску вялізны гмах, які, на думку шмат каго, парушае архітэктурную кампазіцыю праспекту Незалежнасці, адмыслоўцы называюць прынамсі дзіўнаю.

{movie}Аўральная будоўля|right|15037{/movie}

ЛЯВОНЦІЙ ЗДАНЕВІЧ, АРХІТЭКТАР:

«Тут відавочна, якая б ні была якасць непасрэдна, аздабленне гэтых фасадаў, ужо яго аб’ёмна-прасторавае вырашэнне нанесла Менску, як мяркуе і шмат хто з нашых грамадзянаў, значныя страты».

Незадаволенасць жа тых самых грамадзянаў, жыхароў сталіцы, павялічваецца прапарцыйна з ростам гатэлю «Кемпінскі» ўшыркі ды ўгару.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Пачварнасць непрадуманая, якая займае не сваё месца, якая абмяжоўвае прастору».

«Ён сапсаваў усю прыгажосць, якая тут была, і від на праспект».



«Падарунак» сталіцы ды яе жыхарам у выглядзе гатэлю «Кемпінскі» меўся з’явіцца яшчэ летась у лістападзе. Але мінулі ўжо некалькі тэрмінаў здачы аб’екту, здавалася, што ён гэтак і застанецца даўгабудам, аднак чэмпіянат свету па хакеі, які Менск прыме сёлета ў траўні, відаць, змусіў улады паспяшацца самім і прыспешыць іншых.

УКАЗ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ № 86

«З мэтаю завяршэння будаўніцтва шматфункцыйнага комплексу з гатэлем «Кемпінскі» пастанаўляю: у першай частцы першага пункту словы «першай чаргі будаўніцтва комплексу да 31 снежня 2013 года» замяніць на «1 траўня 2014 года».

Адметна, што яшчэ зусім нядаўна старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька казаў, што скончыць будаўніцтва да канца гэтага года наўрад ці атрымаецца. З чыноўнікам пагаджаецца былы бізнесовец Андрэй Клімаў, які раней займаўся і будаўніцтвам.

АНДРЭЙ КЛІМАЎ, БІЗНЕСОВЕЦ:

«Тэхналагічна гэта немагчыма, існуюць пэўныя тэхналагічныя працэсы, паводле якіх робіцца аздабленне. Яны не будуць вытрыманыя. Немагчыма паслаць лінолеўм, паркет, не падрыхтаваўшы асновы».

Але відаць, што ўлады ўжо пачалі лічыць грошы ад імаверных гасцей «Кемпінскага» і чэмпіянату свету, таму пра бяспеку кліентаў гатэлю наўрад ці дбаюць. Як, відаць, не думаў пра прыгажосць і эстэтыку набліжаны да Лукашэнкі алігарх Юрый Чыж, калі ў 2009 годзе распачынаў будаўніцтва. Тады дзеля «Кемпінскага» знеслі электрастанцыю 19-га стагоддзя, гістарычны помнік першай катэгорыі. І гэта далёка не ўсё.

АНДРЭЙ КЛІМАЎ, БІЗНЕСОВЕЦ:

«Гатэль знішчыў парк Горкага. Яго няма! Усё гэта – толькі маленькі сквер для бізнесоўцаў у абедзенны перапынак. Гатэль парушыў экалогію ў цэнтры гораду, бо ў нас і так праблемы з паветрам».



І паветра больш не стане – у тым самым Цэнтральным дзіцячым парку Горкага камунальнікі плануюць зрэзаць векавыя дрэвы. Ці не рыхтуюць пляцоўкі пад чарговы навабуд?

Алесь Яшчанка, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў