Прычынаю блакавання метро стала SMS-паведамленне пасажыра


Праваахоўныя органы патлумачылі прычыну закрыцця ў сярэдзіне дня абедзвюх лініяў Менскага метрапалітэну.

У агульным паведамленні КДБ Беларусі ды менскай міліцыі гаворыцца, што сёння ўдзень да міліцыянта ў метро звярнулася студэнтка. Яна распавяла, што звярнула ўвагу, як адзін з пасажыраў пісаў SMS: у ім ён паведамляў аб планах прывесці ў дзеянне выбуховую прыладу ў метро.

Міліцыянты і КДБ праз некаторы час высветлілі асобу пасажыра і затрымалі яго. Ім аказаўся жыхар Менскай вобласці. Затрыманы – мужчына 1979 года нараджэння, цяпер дае паказанні ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі, паведаміў БелаПАНу начальнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх. З падазроным праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні.

Інфармацыя пра тое, што ў Менску не працуюць абедзве лініі метро, стала з’яўляцца прыкладна а 14:45. На розных станцыях пасажыраў прасілі без панікі пакінуць метро і скарыстацца з наземнага транспарту. Начальнік метрапалітэну Расціслаў Юрэня паведаміў, што «метро закрылі на падставе загаду міліцыі».

«Часова прыпынены рух. Кіраўніцтва разбіраецца ў прычынах. Пацярпіце», – заявілі праз тэлефон гарачай лініі, апублікаваны на сайце метрапалітэну.

Прыблізна а 16:00 у ГУУС паведамілі, што ў метрапалітэне ніякіх надзвычайных здарэнняў няма, «вядзецца апрацоўка станцыяў», правяраецца інфармацыя аб магчымым перабыванні на іх падазроных прадметаў.

У сувязі са спыненнем абедзвюх лініяў метро дадаткова на маршруты наземнага транспарту было выдзелілі 55 аўтобусаў, 48 тралейбусаў, 6 трамваяў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары