STARавіны: Супраць «чаркі і скваркі»


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.




Газеты стогадовай даўнасці друкавалі шмат матэрыялаў пра шкоднасць п’янства, пра забойствы ды пажары ў выніку п’янства і г. д.

Прыгадаю такі кур’ёзны факт: навагоднімі святамі вярталіся траіх сялян з в. Падароск у в. Вялікая Ваўкавыскага ўезду праз рэчку, пакрытую тонкім лёдам. Дваіх прайшлі, а трэці праваліўся і затануў. Са словаў дваіх, іхны прыяцель «думаў, што калыханне лёду – гэта штукі «нячыстага», стаў падскакваць і дражніцца бытцым з нячысцікам, прыгаварваючы: «а вот, не возьмеш». Скакаў датуль, пакуль пад ім не праламіўся лёд» (НН, № 3, с. 3).

Для таго, каб супрацьстаяць п’янству, пастанавілі стварыць таварыствы цвярозасці. Яны ўзнікалі на ўзроўнях ад прыходу да губернскага камітэту. Сваёй задачаю ставілі: барацьба супраць патаемнага і незаконнага продажу спіртных напояў, аб’яднанне людзей, ахвотных устрымацца ад спажывання моцных напояў, і тлумачэнне насельніцтву шкоднасці алкаголю.

5 траўня 1913 г. аднавіла працу Магілёўскае таварыства цвярозасці. Яго ўзначаліў вялебны Варлаам епіскап Гомельскі. У сваёй прамове ён сказаў, што мэтаю мае быць не толькі барацьба з алкагалізмам, але «трэба турбавацца і аб тым, каб абараніць душу чалавека ад усіх шкодных уплываў апошняга часу» (МВ, № 106, с. 3).

Магілёўскае епархіяльнае ведамства ў верасні–кастрычніку 1913 г. распрацавала статут прыходскага таварыства цвярозасці для Магілёўскай епархіі (МВ, № 206, с. 3).

Таварыствы праводзілі лекцыі ды чытанні для народу. Як, напрыклад, магілёўскі ўезны камітэт 5 траўня 1913 г. у Народным доме арганізаваў лекцыю аб алкагалізме са светлавымі карцінкамі, у якой гаварылася пра ўплыў спіртнога на фізіялагічныя і псіхічныя працэсы, на разумовую і фізічную працаздольнасць, пра захворванне і смяротнасць сярод піткоў і непіткоў, пра алкагалізм ды інфекцыйныя хваробы, алкагалізм і паўперызм, злачыннасць (МВ, № 98, с. 3).

У сценах Магілёўскага брацкага манастыра 22 верасня адчынілі першы прытулак цвярозасці. Тут была антыалкагольная і багатая духоўная літаратура, выпісваліся некалькі газетаў і часопісаў (МВ, № 294, с. 2). 15 снежня магілёўскае таварыства правяло свой першы «цвярозы вечар». Мэта – аб’яднаць барацьбітоў за цвярозасць і добры хрысціянскі лад жыцця ў адну сям’ю, пазнаёміць іх адзін з адным, расказаць пра дзейнасць таварыства, абмяняцца думкамі (МВ, № 272, с. 3).

Нехта П. П. Кузняцоў у лісце ў рэдакцыю газеты «Северо-Западная жизнь» пісаў пра паляпшэнне становішча ў чайных папячыцельства аб народнай цвярозасці ды ставіў у прыклад чайную ў Горадні на Сянным рынку. Там з’явілася газавае асвятленне, новы посуд, сталы ды буфеты заслалі белаю цыратаю. Нягледзячы на змяншэнне кошту гарбаты, прыбыткі падняліся. Бібліятэку чайнай перавялі ў Народны дом, але газеты для чытання выдаюцца бясплатна (СЗЖ, 1912, № 177, с. 2).

Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў