Майдан у Венесуэле. Ці ўтрымаецца на пасадзе яшчэ адзін калега Лукашэнкі?


Хістаецца прэзідэнцкае крэсла і пад яшчэ адным калегам ды нават сябрам Аляксандра Лукашэнкі. Жыхары Венесуэлы некалькі тыдняў дамагаюцца адстаўкі Нікаляса Мадура. Атмасфера ў сталіцы краіны абвастраецца. У супрацьстаяннях пратэстоўцаў і сілавікоў загінулі ўжо 11 чалавек.
{movie}Лацінскі Майдан|right|14998{/movie}
Венесуэльскі Майдан падобны на ўкраінскі не толькі барыкадамі ды вогнішчамі, але і мэтамі. Удзельнікі пратэстаў патрабуюць адстаўкі прэзідэнта, бо той не здольны даць рады з беспрацоўем, абрушэннем курсу нацыянальнай валюты, дэфіцытам тавараў першай неабходнасці ды высокім узроўнем злачыннасці. Прэзідэнт Мадура, якога з падачы спявачкі Мадонны ўжо называюць “лацінаамерыканскім Януковічам”, лічыць, што ва ўсіх праблемах вінаватыя заходнія імперыялісты. Мадура кажа, што Венесуэлу хочуць захапіць амерыканцы, і што яны ж арганізавалі Майдан ва Украіне. А прыхільнікі ўлады, як і ва Украіне, ужо заклікалі свайго кіраўніка жорсткаю рукою навесці парадак.

ПРЫХІЛЬНІЦА МАДУРА:
“Жыве наш камандзір Уга Чавэс і наш прэзідэнт Мадура! Тут мы, пенсіянеры, прадстаўляем нашую краіну”.

“Мадураўцы” не толькі мітынгуюць, але і дапамагаюць здушаць акцыі пратэсту, ідучы на сутычкі з апазіцыяй. Паліцыя ўжо страляе па дэманстрантах пластыкавымі кулямі ды гранатамі з газам. У адным са штатаў Венесуэлы супраць акцыяў пратэсту ўлады выслалі батальён дэсантнікаў. Апазіцыя, у сваю чаргу, паступова ўзбройваецца і асвойвае партызанскія метады, што часам прыводзіць і да выпадковых смерцяў. Гэтак, у пятніцу загінуў малады матацыкліст, што не заўважыў нацягнутага праз дарогу дроту.

НІКАЛЯС МАДУРА, ПРЭЗІДЭНТ ВЕНЕСУЭЛЫ:
“Мы апазналі тых, хто павесіў дрот, і яны пойдуць у турму за забойства. І я загадаў арыштаваць генерала-пенсіянера, каторы заклікаў павесіць той дрот і каторы трэніраваў гэтых фашыстаў. Я загадаў арыштаваць Анхэля Віваса, ён забойца”.

Аднак генерал Вівас, што дзяліўся сваімі баявымі ўменнямі праз сацыяльныя сеткі, гатовы абараняцца і ў рэале, са зброяй у руках. Пакуль што арышту не адбылося.

АНХЭЛЬ ВІВАС, ГЕНЕРАЛ АРМІІ:
“Я прыняў рашэнне не здавацца”.

Венесуэльская апазіцыя – злачынцы і фашысты, нанятыя Злучанымі Штатамі для звяржэння легітымнай улады. Такую афіцыйную пазіцыю выказаў сёння амбасадар Венесуэлы ў Беларусі. Ды паведаміў, што на тэрыторыі краіны знаходзяцца каля тысячы нашых грамадзянаў. Беларусы едуць у Венесуэлу цэлымі сем’ямі.

АМЭРЫКА НУННЕС, АМБАСАДАР ВЕНЕСУЭЛЫ:
“Беларусы ў Венесуэле занятыя ў будаўніцтве, прамысловасці ды іншых сферах. У прыватнасці, яны будуюць жытло на тэрыторыі вайсковых базаў у Маракаі ды Каракасе. Можна сказаць, што яны – у бяспецы”.

Усе кантракты, падпісаныя з Менскам, Каракас працягвае рэалізоўваць, кажа амбасадар. Нашых працаўнікоў ахоўваюць венесуэльскія вайскоўцы.

АМЭРЫКА НУННЕС, АМБАСАДАР ВЕНЕСУЭЛЫ:
“Беларускія спецыялісты знаходзяцца па-за ачагамі канфлікту, там, дзе ёсць ахова. Венесуэльскі народ, які ў большасці не падтрымлівае акцыі пратэсту, таксама з’яўляецца гарантам бяспекі беларускіх спецыялістаў”.

Падобныя словы гучалі калісьці і ў Лівіі. Аднак пасля грамадзянскай вайны, у якую перарасло здушэнне пратэстаў, некалькі беларусаў трапілі ў турму за тое, што рамантавалі танкі войска Муамара Кадафі. На гэты момант нашыя грамадзяне за кратамі, судовыя працэсы працягваюцца.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu
https://youtu.be/_C5Uiq3JJhE

Глядзі таксама
Каментары