Загінулых у пратэстах у Кіеве абвесцяць Героямі Украіны


Украінскі парламент падтрымаў пастанову аб ушанаванні ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.



«За» прагаласавалі 346 дэпутатаў. Згодна з прынятаю пастановаю, Рада даручае будучаму прэзідэнту прысвоіць грамадзянскім удзельнікам масавых акцыяў пратэсту званні Герояў Украіны пасмяротна.

Народны дэпутат з Партыі рэгіёнаў Нестар Шуфрыч прапанаваў выключыць з пастановы слова «грамадзянскі», фактычна ўключыўшы ў спіс загінулых працаўнікоў МУС.

Прадстаўнікі апазіцыі адмовіліся ад гэтага, заўважыўшы, што сілавікі выконвалі злачынны загад.

Сярод першых смяротных ахвяраў Майдану – беларус Міхаіл Жызнеўскі.

Вярхоўная Рада звольніла суддзяў Канстытуцыйнага суда, якія сваім рашэннем вярнулі канстытуцыю, што пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта Віктара Януковіча. Іх абвінавацілі ў парушэнні прысягі і ўчыненні антыканстытуцыйных дзеянняў. За такое рашэнне прагаласавалі 307 дэпутатаў.

Вярхоўная Рада выдзеліла таксама сродкі на прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 25 траўня 2014 года.

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў