Хочаш праходзіць альтэрнатыўную службу? Будзе горш, чымся на «хіміі»


Пра новы законапраект аб альтэрнатыўнай службе – у праграме «Размова Калінкінай».

Прадстаўнік кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» Яўген Асіеўскі ўпэўнены, што служыць у войску мусіць толькі той, хто гэтага хоча. Падчас кожнага прызыву набіраюць 10 тыс. чалавек, хоць прыдатных да службы ў войску – у 2-3 разы болей. Ёсць нават такія, хто, маючы хваробу, тэлефануе на гарачую лінію арганізацыі, каб параіцца: як падмануць медыкаў і трапіць у войска?

{movie}«Размова Калінкінай» з Яўгенам Асіеўскім|right|14962{/movie}

Навошта браць тых, хто не хоча ісці? Госць праграмы тлумачыць: адсутнічаюць крытэры адбору (апрача медычных паказанняў). Пра жаданне служыць пытаюць толькі тых, каго бяруць у спецназ або КДБ.

Яўген Асіеўскі звяртае ўвагу на адзін з ключавых момантаў: пасля войска ўсе выходзяць «ідэалагічна апрацаваныя». Таму кіраўніцтва краіны мяркуе, што адслужыць мусіць кожны.

У законапраеце аб альтэрнатыўнай службе дадалася толькі адна прычына, паводле якой можна не апранаць вайсковай уніформы – рэлігійныя перакананні (пацыфістаў у разлік не бяруць). Спадар Асіеўскі зазначае, што ўжо цяпер у Беларусі баптысты і сведкі Іеговы, якім рэлігія забараняе браць у рукі зброю, праходзяць службу ў будаўніча-чыгуначных атрадах. Новы закон проста легалізуе гэта.

Альтэрнатыўнікі будуць працаваць 6 дзён на тыдзень па 8 гадзінаў. Паводле сённяшніх разлікаў, плаціць ім будуць Br 1,5 млн на месяц. Адпачынак – 15 дзён. Страйкаваць забаронена. Яўген Асіеўскі зазначае: тых, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, не прыраўнялі ні да вайскоўцаў, ні да рабочых (паводле Працоўнага кодэксу). Нават тыя, каго асудзілі на «хімію», будуць у значна лепшай сітуацыі ў параўнанні з альтэрантыўнікамі: «Тыя, хто працуе на хатняй «хіміі», маюць больш правоў. Яны могуць зарабіць і Br 10 млн». Госць праграмы мяркуе, што робіцца ўсё гэта для таго, каб зрабіць альтэрантыўную службу непрывабнаю.

Паводле падлікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, колькасць ахвочых служыць альтэрнатыўна на год – у сярэднім 80 чалавек. Паводле падлікаў кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» – прыкладна ў 4 разы меней.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў