Кіраўніцтва Крамля працягвае інфармацыйную вайну супраць Майдану


Адмысловы пасланнік Пуціна ва Украіну Уладзімір Лукін адмовіўся прыняць пагадненне, дасягнутае сёння паміж лідарамі апазіцыі ды Януковічам. Увогуле кіраўніцтва Крамля працягвае інфармацыйную вайну супраць Майдану. На меркаванне яго апанентаў – таму, што баіцца ўласнага. З-за гэтага страху прысуд апанентам Пуціна ў так званай Балотнай справе, які пачалі агучваць сёння, можа аказацца жорсткім.



Украінскае пытанне – № 1 на парадку дня ў Маскве. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сёння правеў няпланавую нараду з чальцамі Савету бяспекі. Падрабязнасцяў нарады не паведамляюць, яшчэ напярэдадні афіцыйны Крэмль заяўляў, што нават тэарэтычна не разглядае магчымасці прыходу да ўлады апазіцыі ва Украіне. На ўзроўні МЗС Масква высоўвае свае патрабаванні да Майдану ў Кіеве.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭВІЧ, АФІЦЫЙНЫ ПРАДСТАЎНІК МЗС РАСЕІ: “Мы пацвярджаем нашае патрабаванне, каб лідары Плошчы тэрмінова прыпынілі кровапраліцце і працягнулі мірны пошук выйсця з крызісу, без пагрозаў і ўльтыматумаў”.

Паводле ўкраінскіх медыяў, неафіцыйным спецпрадстаўніком Пуціна ва Украіне ёсць Уладзіслаў Суркоў – менавіта праз яго Крэмль вядзе перамовы з украінскімі элітамі, сярод іншага з Януковічам.

Афіцыйны пасланнік Пуціна – амбудсмен Уладзімір Лукін – адмовіўся падпісаць дамову аб урэгуляванні крызісу ва Украіне.

Праз адсутнасць вынікаў расейскай дыпламатыі ўсё мацней ідзе прапагандысцкі медыя-наступ. Пра падзел Украіны кажуць галоўныя расейскія тэлеканалы. Альтэрнатыўных меркаванняў, якія прыходзяць з Украіны, расейскія медыі папросту не транслююць.

Ва Украіне кажуць, што Расея абвесціла Кіеву поўнамаштабную інфармацыйную вайну. Усе звесткі, што падаюцца, – дыяметральна супрацьлеглыя рэчаіснасці. Гледачоў заклікаюць не верыць уласным вачам.

Антыўкраінская рыторыка адбіваецца і на расейскіх рэаліях. Фігуранты Балотнай справы, прысуд у якой мелі агучыць сёння, могуць атрымаць рэальныя тэрміны, да 6 гадоў пазбаўлення волі. Сярод іншага – у якасці прэвентыўнай захады, каб прадухіліць пратэсты. Праз украінскі Майдан негалосная адліга, якая пачалася перад Алімпіядаю, можа быць прыпыненая.

ДЗМІТРЫЙ АГРАНОЎСКІ, АДВАКАТ: “Мы спадзяемся на гуманізм і спадзяемся на тое, што Майдан… Мне, разумееце, у “Тўітэры” пішуць тонамі: Майдан, Майдан, Майдан. Нашыя падабаронныя не былі на Майдане і не маюць ніякага да яго дачынення”.

На лаве падсудных 8 чалавек. Каб падтрымаць іх, пад будынкам суда адбыўся стыхійны мітынг, прыйшлі, паводле розных ацэнак, ад 500 да 2000 чалавек. Каля дзвюх соцень затрымалі – такога масавага хапуна не было два гады, акурат з акцыі на Балотнай..

НАДЗЕЯ ТАЛАКОННІКАВА, ГРАМАДСКАЯ АКТЫВІСТКА: “Гэта задушэнне правоў чалавека – гэтыя людзі выйшлі патрабаваць свабодаў, і яны не нападалі на паліцэйскіх, гэтаму ёсць вялікая колькасць пацверджанняў. Яны не маюць быць у турме – тыя, хто іх пасадзіў, мусяць быць там”.

Прысуд у справе Балотнай агучаць у панядзелак, акурат пасля сканчэння Алімпіяды. Паводле назіральнікаў, ёсць рызыка, што пасля Сочы расейскія ўлады могуць адкінуць дыпламатыю ўбок і наўпрост заняцца ўкраінскай палітыкаю.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў