Паралакс: Сітуацыя 21


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпох, у праектах нашага сайта, піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Алімпіяда – прывабная мішэнь для тэрарыста: некалькі дзесяткаў тысяч спартоўцаў, столькі ж журналістаў і мільёны гледачоў ва ўсім свеце. Для спецслужбаў гэта надзвычайны стан. На юбілейных XX летніх гульнях нямецкія агенты, падаецца, пагалоўна пайшлі на канікулы.

Пасля берлінскай Алімпіяды 1936 года гульні ў Мюнхене былі для Нямеччыны першаю такою магчымасцю прадэманстраваць свой новы, мірны твар. Краіна спрабавала сцерці мілітарысцкі імідж усімі магчымымі сродкамі. Напрыклад, была максімальна скарочаная ахова спартовых аб’ектаў, а яе галоўнаю зброяй сталі ўсмешкі.

Уначы на 5 верасня 1972 года палестынскія баевікі ў спартовых строях і са спартовымі торбамі, у якіх ляжалі “Калашнікавы” і гранаты, пераскочылі цераз агароджу алімпійскай вёскі ды скіраваліся да дому, дзе жылі ізраільскія спартоўцы. Тэрарысты добра арыентаваліся ў гушчары спартовых домікаў, бо некалькі месяцаў таму працавалі тут будаўнікамі. Палестынцы ўварваліся ў пакоі, забілі двух атлетаў пасля іхнага непрацяглага супраціву і дзевяць узялі ў закладнікі. Сярод патрабаванняў, высунутых імі, было, між іншага, вызваленне з ізраільскіх турмаў усіх зняволеных палестынцаў.

Ізраільская прэм’ер Голда Мэйр адмовілася весці перамовы з тэрарыстамі, прапанаваўшы выслаць у Мюнхен байцоў “Масаду”. Немцы адмовіліся, спадзеючыся на ўласныя сілы, якіх, на жаль, не хапіла. Нямецкім бокам пры вызваленні закладнікаў было дапушчана столькі памылак, што да сённяшняга дня яны саромеюцца прыгадваць той дзень.

Вызваляць закладнікаў мелі звычайныя патрульныя, бо паводле права, армейскія снайперы не маглі браць удзелу ў невайсковай аперацыі, а адмысловых контртэрарыстычных аддзелаў немцы не мелі (такая служба будзе створаная толькі пасля Мюнхену). Паліцыя дазволіла працаваць пад захопленым будынкам некалькім тысячам журналістаў, якія ў наўпроставым эфіры паказвалі падрыхтоўку паліцыі да штурму – сярод іншага і самім баевікам. Дакладная колькасць якіх, дарэчы, нават не была вядомая. Калі месца дзеяння перанеслася на вайсковы аэрадром, адкуль тэрарысты разам з закладнікамі мелі ляцець у Егіпет, у снайпераў у пэўны момант скончыліся патроны. Немцы не здолелі вызваліць ніводнага закладніка.

Аперацыя палестынцаў адбылася дакладна паводле дваццаць першага з дваццаці шасці прагнозаў магчымых тэрарыстычных атакаў, што за некалькі месяцаў да Алімпіяды склаў судовы псіхіятр Георг Зібэр, каб прадухіліць патэнцыйную небяспеку. Але нямецкія спецслужбы праігнаравалі ўсе сігналы, а потым правалілі аперацыю вызвалення.

З тысячы рэпарцёраў пад захопленым будынкам схапіць у аб’ектыў ананімнага палестынца ў масцы ўдалося толькі Курту Струмпфу. Прынамсі, менавіта ягоная фатаграфія была растыражаваная газетамі ды стала сімвалам разаніны на спартовым свяце.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары