«Мова нанова» і «Мова ці кава» ідуць у рэгіёны


Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская правядуць 21 лютага ў Бабруйску першы занятак беларускай мовы на курсах «Мова нанова», а выкладнікі курсаў «Мова ці кава» абяцаюць сюрпрыз для гарадзенцаў у сакавіку.

Глеб Лабадзенка. Курсы Глеб Лабадзенка. Курсы “Мова нанова”. Фота budzma.by«Мы вельмі хочам распаўсюдзіць нашыя курсы і на іншыя гарады», – распавёў адзін са стваральнікаў «Мова нанова» журналіст Глеб Лабадзенка.

Ідэя правесці ў Бабруйску занятак па беларускай мове, дадаў спадар Лабадзенка, належыць не толькі яму, але і мясцовым актывістам, якія вырашылі гэтак адсвяткаваць Дзень роднай мовы.

21 лютага будзе ўводны занятак, і калі цікавасць бабруйчанаў да курсаў будзе дастатковая, «Мова нанова» пачне ў горадзе сістэматычную працу.

Акрамя Бабруйску, паводле Глеба Лабадзенкі, цяпер вядуцца перамовы з Полацкам, Горадняй, Віцебскам, і ёсць вялікае спадзяванне, што «Мова нанова» ўсё-ткі выйдзе па-за межы Менску і стала запрацуе ў іншых беларускіх гарадах.



Выкладнікі «першапраходца» сярод курсаў з беларускай мовы «Мова ці кава» Алесь Залеўскі і Валярына Кустава таксама хацелі б заваёўваць гарады па-за сталіцаю. Як распавёў Алесь Залеўскі, «для гарадзенцаў «Мова ці кава» рыхтуе адмысловы сюрпрыз у сакавіку». У той жа час, паводле выкладніка, арганізатары курсаў не ставяць пакуль за галоўную мэту рэгіянальнае развіццё. Акцэнт яны хочуць зрабіць на мэтавай аўдыторыі ды абяцаюць неўзабаве распавесці пра будучыню курсаў.

Курсы «Мова ці кава», створаныя журналісткаю Кацярынай Кібальчыч, праходзяць у Менску са студзеня 2013 года. Сёлета вядоўцамі курсаў сталі прадстаўнікі «Белсату» Алесь Залеўскі ды Валярына Кустава.

«Мова нанова» стартавала 13 студзеня гэтага года, вядуць курсы журналіст Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская.

ММ, belsat.eu

Стужка навінаў