Еўразвяз гатовы да новага дыялогу з Лукашэнкам. Ці будзе адліга-2014?


Еўрапейскі звяз і Беларусь гатовыя пачаць «часовую фазу» супрацы – новы дыялогавы фармат з удзелам грамадзянскай супольнасці. Пра гэта паведаміў кіраўнік дэпартаменту «Усходняга партнёрства» Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў Дырк Шубэль, які наведвае Менск з працоўным візітам.

«Падчас візіту спадарыні Купчыной [намесніца кіраўніка МЗС. – belsat.eu] у Брусель у канцы студзеня мы дамовіліся, што мы запусцім так званую часовую фазу супрацы», – заявіў Шубэль.

Паводле яго, бакі хочуць супольна прааналізаваць, як яны могуць «разам працаваць над мадэрнізацыяй Беларусі».

«І мой візіт нацэлены на падрыхтоўку візіту Гунара Віганда (дырэктар дэпартаменту Расеі, «Усходняга партнёрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнай супрацы і АБСЕ Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў), генеральнага дырэктара генеральнага дырэктарату Еўракамісіі ў пытаннях гандлю ў канцы сакавіка, каб распачаць гэты працэс «часовай фазы», – сказаў еўрапейскі дыпламат.

Пачаць дыялог плануецца «з галіны інвестыцыяў і гандлю, якія цяпер маюць асаблівую важнасць для Беларусі, але таксама і для Еўразвязу», растлумачыў Шубэль.

Пры гэтым, адзначыў ён, у дыялог ЕЗ з уладамі Беларусі будзе ўцягнутая і грамадзянская супольнасць: «Падчас візіту спадарыні Купчыной было дасягнутае прынцыповае пагадненне, што грамадзянская супольнасць стане часткаю гэтай «часовай фазы». Рашэнне пра гэты ўдзел будзе ў кожным асобным выпадку ўзгадняцца бакамі».

Раней улады Беларусі адмаўляліся ад удзелу ў ініцыятыве ЕЗ «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю». «Мы не ўдзельнічаем у еўрапейскім дыялогу аб мадэрнізацыі, які быў распачаты без удзелу прадстаўнікоў Беларусі ды без кансультацыяў з беларускім урадам», – заявіла Алена Купчына ў верасні 2013 года.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў