Лукашэнка бізнесоўцам: Будзеце страйкаваць – застаняцеся без працы


Пераходны перыяд для выканання патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці для індывідуальных прадпрымальнікаў больш працягвацца не будзе, было заяўлена 18 лютага на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы адносна праекту ўказу «Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі ды іншымі фізічнымі асобамі». Гэта азначае, што значная колькасць беларускіх прадпрымальнікаў апынецца па-за законам.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, у праекце ўказу для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія плацяць адзіны падатак, з 1 ліпеня 2014 года прызначаецца абавязак дакументальна пацвярджаць набыццё прадукцыі, якая рэалізуецца.

Што да тэрмінаў пераходу, то Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дадатковых працягаў тут чакаць не варта. «Гэта выключана, і нават не абмяркоўваецца. Я ў гэтыя гульні з прадпрымальнікамі гуляць не маю намеру. Гэтая цяганіна будзе бясконца доўжыцца. Мы не першы год пра гэта гаворым, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Я не прэзідэнт, калі я ствараю няроўныя ўмовы і гэтыя дзіркі».

«З 1 ліпеня мы мусім, усіх паставіўшы ў роўныя ўмовы, перайсці да цывілізаванага бізнесу», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка даручыў міністру гандлю разам з іншымі чальцамі ўраду да 1 ліпеня стварыць у кожнай вобласці аптовыя базы. «Тое, што мы тут не вырабляем, у асноўным мусіць быць завезенае, каб не ствараць гэтага дэфіцыту», – сказаў ён.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што не хоча ствараць нейкіх «ачагоў напружанасці» сярод прадпрымальнікаў. «Я магу падпісаць любы ўказ і перажыць бунт дзевяці або дзесяці тысяч прадпрымальнікаў. Не вы сёння вызначаеце палітыку ў дзяржаве. Але я не хачу гэтага ачага. Я не хачу, каб нават два чалавекі, прадпрымальнікі, гаварылі пра мяне кепска. Таму што я – ваш прэзідэнт. Нават калі вы на дух не пераносілі ды не галасавалі за мяне – пасля выбараў я ўжо ваш прэзідэнт. Таму я не хачу вас пакрыўдзіць», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Адначасова Лукашэнка папярэдзіў, што чакае ўзважанай пазіцыі ў пытаннях, якія абмяркоўваюцца, і з боку прадпрымальнікаў. «Давайце дамовімся без усякіх там наскокаў. Калі вы пасля сённяшняй размовы паспрабуеце дзесьці наладзіць забастоўку, не будзеце працаваць на сваім працоўным месцы, вы больш туды не прыйдзеце. Я прыму рашэнне: той, хто дэманстрацыйна закрыў свае квадратныя метры, акенца або шапік, ён больш там не з’явіцца. Проста вам нідзе ў Менску і ў краіне не дадуць арандаваць плошчаў», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў