Як выстаяў Майдан і што чакае Украіну? (відэа)


Цэнтр Кіева ператварыўся ў сапраўдную гарачую кропку: стрэлы з аўтаматычнай зброі, палаючыя БТРы і будынкі, больш за два дзясяткі чалавек забітыя, сотні – цяжкапараненыя. Шпіталі не спраўляюцца з вялізарнаю колькасцю параненых.

З чаго пачалася бойня?

Ранкам 18 лютага калона актывістаў з Еўрамайдану рушыла да будынку Вярхоўнай Рады, каб патрабаваць вяртання Канстытуцыі ўзору 2004 года. Гэта дазволіла б істотна абмежаваць паўнамоцтвы прэзідэнта.

На падыходах да парламенту вуліцы заблакавалі байцы ўнутраных войскаў, аднак маніфестантам удалося прарваць ачапленне. Супраць маніфестантаў задзеялі спецпадраздзяленні «Беркут», што ўзброеныя святлошумавымі гранатамі, слезацечным газам, траўматычнаю зброяй. Пратэстоўцы выкарыстоўвалі супраць сілавікоў кактэйлі Молатава, камяні.

А 16-й гадзіне з’явіліся паведамленні пра загінулых з боку маніфестантаў і міліцыі.

Жорсткасць з абодвух бакоў

У сеціве цягам дня былі сведчанні таго, як міліцыянты і беркутаўцы жорстка збівалі актывістаў, якіх удалося выхапіць з натоўпу. Затрыманым праломлівалі галовы, ламалі рэбры, рукі ды ногі. З такімі дыягназамі яны траплялі ў шпіталь. Адначасова з гэтым міліцэйскае ачапленне не прапускала аўтамабіляў хуткай дапамогі да захопленага маніфестантамі Дому афіцэраў – там месціўся медпункт з сотнямі параненых, сем чалавек былі пры смерці.

{movie}Міліцыянты збіваюць пратэстоўцу|right|14891{/movie}

У медыях з’явілася інфармацыя, пацверджаная фотаздымкамі, што сілавікі маюць і агнявую зброю – менавіта ад агняпальных раненняў пацярпела значная колькасць пратэстоўцаў. Ад куляў загінулі не менш за шэсць асобаў. Агульная колькасць забітых можа перавышаць 20 асобаў з боку пратэстоўцаў.

Міліцыянты таксама выкарыстоўвалі кактэйлі Молатава, хоць гэтыя сродкі відавочна не могуць быць на ўзбраенні праваахоўнікаў.

Некалькі разоў у рукі маніфестантаў траплялі беркутаўцы і міліцыянты. Пратэстоўцы збівалі іх нагамі ды імправізаванымі дручкамі, зрывалі шлемы і шчыткі. Аднак такі захоп заўсёды заканчваўся тым, што самаахова Майдану забірала сілавікоў у раз’юшаных пратэстоўцаў і перадавала ў рукі медыкаў.

{movie}”Беркут” і міліцыя ў плену майданаўцаў|right|14889{/movie}

Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў, пацярпелі каля 300 міліцыянтаў, 59 з іх ад агнястрэльнай зброі, 9 загінулі.

Штурм і перамовы

Увечары сілавікам удалося адкінуць маніфестантаў за барыкады Майдану. Праз мегафоны яны абвесцілі, што распачынаюць «антытэрарыстычную аперацыю». Нягледзячы на некалькі спробаў штурму, разагнаць Майдан не ўдалося.

{movie}Штурм Майдану. Відэа з абодвух бакоў барыкадаў|right|14890{/movie}

Уначы лідары ўкраінскай апазіцыі ездзілі на перамовы з прэзідэнтам Віктарам Януковічам. Яны меліся прапанаваць прыпыніць гвалт і абвесціць замірэнне. Аднак перамовы скончыліся нічым: Януковіч запатрабаваў ад апазіцыянераў адхрысціцца ад «радыкальных колаў», інакш далейшыя перамовы «будуць выглядаць інакш». Нягледзячы на вялікую колькасць ахвяраў і пацярпелых, Януковіч заявіў, што ён прыхільнік мірных рашэнняў, і адмовіўся ад прапановаў сваіх памочнікаў выкарыстаць сілавы варыянт развязання канфлікту.

Дарогі назад няма?

Улады фактычна абвесцілі Кіеў закрытым горадам – ад поўначы сілавікі намагаюцца блакаваць уезды ва ўкраінскую сталіцу. На блок-пастах узнікаюць сутычкі паміж міліцыянтамі, узброенымі аўтаматамі, ды прыхільнікамі Майдану. Апошнія таксама нярэдка маюць агнястрэльную зброю.

Перасоўванне ў Кіеве таксама абмежаванае – працаўнікі ДАІ спыняюць для праверкі аўты, блакуюць пад’езды да Майдану. Не працуе метро – упершыню з часоў Другой сусветнай вайны.

У заходніх рэгіёнах актывісты блакуюць і захопліваюць урадавыя будынкі, у некаторых гарадох міліцыянты складаюць зброю і адмаўляюцца ад сілавога супрацьстаяння. Януковіч згубіў кантроль над заходнімі рэгіёнамі і відавочна цяпер не мае рэзерваў, каб вярнуць там ўладу.

Тым не менш, не выглядае на тое, што ўлады гатовыя ісці на кампрамісы і саступкі. Актывістам, што сабраліся на Майдане, сілавікі ды чыноўнікі Адміністрацыі прэзідэнта прапануюць… здацца без усялякіх умоваў. Для маніфестантаў гэтае патрабаванне – непрымальнае, яны патрабуюць адстаўкі прэзідэнта і цяперашняга ўраду.

Які сцэнар чакае Майдан і Украіну?

Спрагназаваць развіццё сітуацыі ва Украіне цяпер цяжка, аднак аналітыкі як найбольш імаверныя называюць некалькі сцэнараў. Паводле самага песімістычнага, Януковіч схільны да сілавога развязання: Майдан разгоняць нават з ужываннем агнястрэльнай зброі. У выніку супрацьстаянне можа атрымаць рысы партызанскай вайны.

Найбольш надзеяў сёння ускладаюць на перамовы з міжнародным пасярэдніцтвам, што дазволіць усталяваць прынамсі часовае замірэнне і закласці фундамент для наступных кампрамісаў.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў