Ці магчымая ва Украіне партызанская вайна?


Вядомы ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў называе тое, што цяпер адбываецца ў Кіеве, «відавочным адбітак таго, што ўлада разглядае перадусім сілавы сцэнар».

{movie}Віталь Портнікаў у “Гарачым каментары”|right|14876{/movie}

Прынамсі некалькі загінулых, сотні параненых. У Кіеве зранку аднавіліся жорсткія сутыкненні дэманстрантаў з праваахоўнікамі. Больш за 200 тысячаў чалавек прыйшлі сёння да будынку Вярхоўнае Рады, дзе дэпутаты меліся разгледзець пастанову аб вяртанні Канстытуцыі 2004 года.

Разгляду праекту, падрыхтаванага апазіцыяй, аднак, не адбылося: старшыня ўкраінскага парламенту папросту адмовіўся рэгістраваць дакумент. Тым часам замест дэпутатаў загаварыла вуліца. Дэманстранты прарвалі міліцэйскія кардоны, байцы «Беркута» закідваюць людзей святлошумавымі гранатамі ды страляюць гумовымі і баявымі кулямі. Растуць новыя барыкады, гараць будынкі ды аўтатэхніка.

«Калі цяпер загіне вялікая колькасць людзей ды замест лагеру на Майдане будзе крывавае месіва, то я не выключаю, што частка асобаў, якія застаюцца ў розных групах, напрыклад, у самаабароне Майдану, «Правым сектары», сыдуць у падполле і будуць займацца партызанскімі дзеяннямі. Чаму гэта – не беларусы? Бо ёсць вялікая колькасць людзей, што падтрымаюць іх, будуць хаваць іх у дамах. Ёсць цэлыя рэгіёны, для якіх гэтая ўлада не будзе лічыцца ўладаю», – падкрэсліў госць «Гарачага каментара».

Віталь Портнікаў падкрэслівае, што цяпер ува Украіне немагчымая грамадзянская вайна, «бо на баку ўлады няма народу». «Людзі з Адэсы, Харкава і Днепрапятроўску не пойдуць забіваць сваіх суайчыннікаў з Кіева і Львова», – перакананы журналіст.

Якую ролю ў супрацьстаянні ва Украіне грае Крэмль? Што чакае Кіеў і пратэстоўцаў бліжэйшымі днямі? Глядзіце «Гарачы каментар».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў