Лукашэнка прадпрымальнікам: Мяне пужаць – марна, Майдану ў Беларусі не дапусцім


Кіраўнік Беларусі не задаволены тым, што беларускія прадпрымальнікі праз медыі пагражаюць вывесці людзей на вуліцы. Прэзідэнт параіў ІП спыніць шантаж уладаў.

Як паведаміла сёння прэс-служба прэзідэнта, падчас нарады адносна праекту ўказу «Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі ды іншымі фізічнымі асобамі» Лукашэнка заявіў, што «некаторыя палітыкі ад прадпрымальніцтва, хоць іх цяжка назваць палітыкамі, якія прэзентуюць інтарэсы прадпрымальнікаў, спрабуюць шантажаваць улады, у тым ліку і прэзідэнта».

Са словаў кіраўніка дзяржавы, «усё будзе цывілізавана, бо прадпрымальнікі – самы прасунуты пласт грамадства, арыентаваны на ўсялякія рэформы». «Таму, калі вы хочаце жыць, як, дапусцім, на Захадзе, мы вам дамо такія ўмовы. Калі вы хочаце жыць, як на Майдане (прабачце за гэтую згадку, я ні ў якім разе не хачу ўмешвацца ва ўнутраныя справы Украіны, проста добрае параўнанне), – гэта не ў Беларусі», – папярэдзіў Лукашэнка.

Звяртаючыся да прадпрымальнікаў, Лукашэнка заявіў, што яны могуць замовіць у жоўтай прэсе любы артыкул, але параіў ім гэтага не рабіць, бо «можна атрымаць сітуацыю наадварот». «І ганіце ад сябе усялякіх там Шумчанкаў [Анатоль Шумчанка – лідар прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва». – belsat.eu] або яшчэ кагосьці, каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць не можа, ім трэба іншае».

{movie}Лукашэнка: Мяне пужаць – марна, Майдану ў Беларусі не дапусцім|right|14866{/movie}

Лідар Беларусі выказаў незадаволенасць Мытным саюзам: «Мне патрэбная не вонкавая матывацыя: вось Мытны саюз, давайце накінем пятлю на шыю часткі беларускага народу. Мне такі Мытны саюз не патрэбны, дзе мы будзем накідаць петлі людзям, якія сёння працуюць», – сказаў Лукашэнка.

У цэлым галава Беларусі выказаў надзею, што рашэнне аб новых умовах працы індывідуальных прадпрымальнікаў будзе прынятае з улікам інтарэсаў дзяржавы і саміх прадпрымальнікаў.

Напярэдадні адзін з лідараў прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка паведаміў, што напісаў адкрыты ліст прэзідэнту, у якім гаворыцца, што патрабаванне да індывідуальных прадпрымальнікаў мець суправаджальныя дакументы на тавар – невыканальнае.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН, bdg.by

Стужка навінаў