Былыя палітзняволеныя і сваякі вязняў сумлення патрабуюць адклікаць з Беларусі пасла Ізраілю


Зварот з патрабаваннем адклікання адпраўлены прэзідэнту Ізраілю Шымону Пэрэсу, прэм’ер-міністру Бэньяміну Нэтаньягу і старшыню Кнесету Ёэлю Эдэльштэйну. Такім чынам былыя палітзняволеныя і сваякі вязняў сумлення адрэагавалі на скандальную заяву Шагала, які назваў беларускіх палітзняволеных “крымінальнікамі”.

Паводле словаў заяўнікаў, выказванні, якія дазволіў сабе Шагал, не дазваляюць дыпламаты іншых краінаў, акрэдытаваныя ў Беларусі. На іхную думку, “гэта – не першае выказванне такога роду спадара Шагала, аднак гэтым разам ён падаў свае выказванні як афіцыйную пазіцыю Дзяржавы Ізраіль”.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не раз станавілася прадметам абмеркавання міжнароднай супольнасці. У сувязі з парушэннямі правоў чалавека, наяўнасцю палітзняволеных у дачыненні службовых асобаў краіны ўведзеныя візавыя санкцыі. Нават афіцыйныя ўлады Беларусі дэ-факта прызнаюць наяўнасць палітзняволеных”, – падкрэсліваецца ў звароце.

Мы не можам умешвацца ў кадравую палітыку ізраільскага МЗС. Але відавочна, што пасля дапушчаных зневажальных для дэмакратычнай супольнасці Беларусі выказванняў далейшае знаходжанне спадара Шагала на сваёй пасадзе ў нашай краіне наўрад ці будзе садзеяць падтрыманню пазітыўнага вобразу Дзяржавы Ізраіль у беларускім грамадстве”, – рэзюмуецца ў лісце.

Яго падпісалі 46 чалавек, сярод якіх жонка палітзняволенага Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, жонка палітзняволенага Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, экс-кандыдат на прэзідэнта Беларусі, былы палітзняволены Андрэй Саннікаў, галоўная рэдактарка сайту charter97.org, былая палітзняволеная Наталля Радзіна, былыя палітзняволеныя Павал Севярынец і Зміцер Дашкевіч, экс-кандыдат на прэзідэнта, былы палітзняволены Алесь Міхалевіч.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў