Новыя ахвяры ў Кіеве. Майдан губляе захопленыя будынкі і вуліцы (+жывая трансляцыя)


Пратэстоўцы за сённяшні дзень згубілі не менш за шэсць чалавек забітымі, сотні асобаў параненыя. Сілавікі адбілі вуліцу Грушэўскага, Еўрапейскую плошчу, Украінскі дом, Міжнародны цэнтр культуры і мастацтваў, прарваліся праз першую барыкаду на Інстытуцкай. На Майдане цяпер не менш за 20 тысяч асобаў, самаахова рыхтуецца да штурму. Міліцыя і спецназ ачапіла барыкады.

Інтэрактыўная мапа Кіеву.



Сачыце за апошнімі падзеямі он-лайн.

20:52 Інфармацынае агенцтва «Интерфакс-Украина» паведамляе пра 9 загинулых: 7 – простыя грамадзяне, 2 – міліцыянты.

20:20 У Міністэрстве ўнутраных справаў заявілі пра 8 загінулых, якія атрымалі смяротныя раненні ў выніку сённяшніх сутыкненняў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Уніан» са спасылкаю на «Тэлевізійную службу навінаў» ТСН.

{movie}Павел Усаў з Кіева: што адбываецца на Еўрамайдане|right|14875{/movie}

18:52 Апазіцыйны лідар Віталь Клічко ў сваім выступе на Майдане паведаміў, што заўтра зранку пачнуцца перамовы з уладаю. Ён заклікаў сілавікоў устрымацца ад штурму і гвалту.



18:40
Высветлілі асобу аднаго з загінулых. Гэта грамадзянін Украіны, сябра партыі «Свабода» Сяргей Дзідык. Сайт МУС Украіны паведамляе аб працаўніку міліцыі, які памёр у карэце хуткай ад агнявога ранення ў шыю.



18:21
Спікер Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімір Рыбак заявіў, што сем’ям загінулых будуць выказаныя словы спачування. «Але я да гэтага ніякага дачынення не маю. Кожны мае сваю працу», – сказаў ён пра забойства людзей. Спікер парламенту выказваецца не надта дакладна і хістаецца – падобна як у стане алкагольнага ап’янення.

{movie}Міліцыянты збіваюць пратэстоўцу|right|14872{/movie}

18:02

У сеціве з’явіліся фотаздымкі людзей непадалёк Майдану ў форме са зброяй, падобнай на аўтаматы АКС-74. Узброеныя людзі носяць чорную форму без апазнавальных знакаў і нашывак. Міліцыянты не звяртаюць на іх увагі.



Live streaming video by Ustream

17:43 На Еўрапейскай плошчы ды на падыходах да Майдану канцэнтруюцца сілы ўнутраных войскаў і «Беркута». Нявыключана, што а 19-й можа распачацца штурм. Тым часам байцы ўнутраных войскаў штурмуюць будынак Украінскага дому, заняты маніфестантамі.

17:30 Каля будынку Нацбанку загінуў яшчэ адзін чалавек. Пра гэта паведамляе дэпутат Ілля Сагайдак. «Толькі што пры мне памёр хлопец ля Нацбанку. Божа, тысячы пакалечаных, забітыя, рэкі крыві», – піша дэпутат у «Facebook».

17:24 Міністэрства ўнутраных справаў Украіны патрабуе да 19 гадзіны «спыніць бясчынства». «Экстрэмісты з апазіцыі перайшлі мяжу – яны забіваюць на вуліцах сталіцы Украіны ні ў чым не вінаватых людзей, здзекуюцца з жанчын, паляць будынкі ды аўты», – гаворыцца ў звароце МУС.

17:08 «Беркут» прарваўся праз першую лінію барыкадаў. Сілавікі ля метро «Хрэшчатык» страляюць у маніфестантаў. Частка людзей адышла за барыкады Майдану.

{movie}Параненыя і міліцыя ў Кіеве|right|14869{/movie}



16:55
Інфармацыя ад медычнай службы Штабу супраціву: 150 пацярпелых, у тым ліку 30 маюць цяжкія раненні, 25 – сярэдняй цяжкасці. Медыкі ў палявых умовах ампутавалі руку аднаму з пацярпелых, ёсць аскепкавыя раненні, закрытыя і адкрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы. Найбольшая праблема – міліцыя не прапускае хуткую дапамогу. Ёсць пацярпелыя з агнявымі раненнямі. Медычная служба не пацвярджае і не зняпраўджвае інфармацыі пра загінулых.

16:15 «Тры трупы ў будынку, афіцэраў. Нашых. Яшчэ 7 – пры смерці. Хуткія не пускаюць!» – паведамляе у сацыяльных сетках украінская дэпутатка Лэся Арабец.

16:03 Дэпутат «Бацькіўшчыны» ў эфіры «Громадське ТВ» паведаміў, што сярод пратэстоўцаў ёсць два забітыя. Міліцыянты страляюць з дахаў.

15:40 На скрыжаванне вуліцаў Інстытуцкай ды Шаўкавічнай сцягнулася вялікая колькасць сілавікоў. Калі яны здолеюць утрымаюць гэтае месца, то заблакуюць пратэстоўцаў каля Вярхоўнай Рады і не дазволяць трапіць туды новым супраціўнікам уладаў.

Міністэрства ўнутраных справаў Украіны падало, што ўсяго на дадзены момант ад мітынгоўцаў пацярпела 37 праваахоўнікаў. З цела аднаго з байцоў медыкі вынялі кулю ад пісталетнага патрона. Яшчэ аднаму міліцыянту зараз аказваюць медыцынскую дапамогу – спрабуюць спыніць крывацёк і выняць кулю.



15:00
Пратэстоўцы не дазволілі ад’ехаць ад Вярхоўнай Рады хуткай дапамозе, якая забрала спікера парламенту Уладзіміра Рыбака, у якога здарыўся гіпертанічны крыз.



Панарама Кіева, якую бачаць жыхары горада з вокнаў. Фота з “Фэйсбуку” Наталлі Каралеўскай.

14:57 Беркутаўцы адбілі ў пратэстоўцаў скрыжаванне Інстытуцкай ды Шаўкавічнай. Сілавікі зноў зайшлі на дахі, адкуль кідаюць у мітынгоўцаў святлошумавыя і газавыя гранаты і паказваюць ім непрыстойныя жэсты.

14:30 На скрыжаванні вуліцаў Інстытуцкай ды Шаўкавічнай беркутаўцы стралялі ў людзей ва ўпор, перадаюць карэспандэнты выдання «Українська правда».

13:40 Пратэстоўцы занялі Дом афіцэраў, дзе зладзілі медпункт.

13:20 Каля Вярхоўнай Рады пратэстоўцы кідаюць у сілавікоў кактэйлі Молатава. З’явіліся звесткі, што аднаму з пратэстоўцаў гранатай адарвала частку рукі. Адна з гранатаў узарвалася на грудзях фотажурналіста, падало espreso.tv. Яго выратавала толькі тое, што ён быў у бронекамізэльцы. Пратэстоўцы сагналі з дахаў беркутаўцаў, якія шпурлялі ў людзей светлашумавыя гранаты.

Мітынгоўцы занялі першы паверх офісу “Партыі рэгіёнаў”. Актывісты пачалі гасіць агонь, які там узняўся. З офісу выносяць дакументы, частку з якіх паляць. За рэшту паверхаў ідзе барацьба, напісала ў “Фэйсбуку” Лэся Арабец.



12:20 Вярхоўная Рада заблакаваная з усіх бакоў, гараць аўтамабілі, ляцяць феерверкі, шумавыя гранаты. У Радзе, разам з дэпутатамі, заблакаваныя і журналісты і ўвесь персанал. Калі і пры якіх абставінах ім удасца выйсці – невядома. Пратэстоўцы ламаюць дзверы ў офіс Партыі рэгіёнаў на вуліцы Ліпскай.



12:10
На вуліцы Шаўкавічнай дзве жанчыны былі параненыя гумовымі кулямі: адна ў вобласць сэрца, другая ў твар.

Пратэстоўцы знаходзяць пад нагамі гумовую карцеч. Колькасць пацярпелых расце, падаюць карэспандэнты “Украінскай праўды”.




11.00
Дэпутатка Лэся Арабец паведаміла, што сілавікі на вуліцы Шаўкавічнай ужываюць святлошумавыя гранаты. Сярод міліцыянтаў ужо ёсць параненыя. На іншай вуліцы, паводле дэпутаткі, сілавікі пускаюць газ.

Каля будынку Вярхоўнай Рады заўважаныя вадамёты. Беркутаўцы маюць пры сабе агнястрэльную зброю, падае суполка “Еўрамайдан” у “Фэйсбуку”. Каля Вярхоўнай Рады каля 10 тыс чалавек.

10:00 У раёне Вярхоўнай Рады мітынгоўцы прарвалі міліцэйскі кардон. Некалькі ўдзельнікаў мітынгу залезлі на аўтамабілі, што перагароджвалі дарогу, і выціснулі адтуль байцоў унутраных войскаў.

Некаторыя чальцы самаабароны ў масках спрабавалі спыніць націск і блакавалі найбольш актыўных мітынгоўцаў.

З боку ўнутраных войскаў каля Вярхоўнай Рады падцягнуўся «Беркут». Чуваць выбухі петардаў, у ход пайшлі дручкі.

Мітынгоўцы паступова праходзяць за агароджу на вуліцы Грушэўскага і спрабуюць яе разблакаваць.

Пратэстоўцы самі завялі адзін з цяжкавікоў, які перагароджваў праезд на Грушэўскага, і ад’ехалі, вызваліўшы праезную частку. Вуліцу блакуюць, аднак, яшчэ некалькі аўтамабіляў.



9:00 Калона Еўрамайдану вырушыла да Вярхоўнай Рады. На вуліцы Грушэўскага дарогу ім перагарадзілі сілавікі. Пратэстоўцы патрабуюць, каб парламент пачаў працу, каб вярнуць Канстытуцыю ўзору 2004 года.

МЯ, МЛ belsat.eu

Стужка навінаў