Палітвязні ды іхныя сваякі заклікалі зорак Галівуду не здымацца ў фільме «Авель»


«Авель» – брудная гульня ўладаў», – адзначылі былыя палітзняволеныя, палітыкі і грамадскія актывісты Беларусі, а таксама сваякі вязняў сумлення, якія застаюцца за кратамі, у звароце да галівудскіх актораў Шэран Стоўн і Эрыка Робэртса, якіх заклікалі праявіць грамадзянскую салідарнасць і не браць удзелу ў здымках фільму «Авель».



Подпісы пад зваротам паставілі Марына Адамовіч, Анастасія і Зміцер Дашкевічы, Павел Вінаградаў, Ірына Халіп, Марына Лобава, Уладзімір Някляеў, Павал Севярынец, Мікіта Ліхавід, Зміцер Дрозд ды іншыя – усяго 25 асобаў.

Адмовіцца ад стварэння фільму аўтары звароту таксама заклікалі рэжысёра стужкі «Авель» Ўільяма Дэвіталя.

Падзеі, паказаныя ў «Авелі», трагічныя для ўсёй Беларусі



Былыя палітзняволеныя, а таксама іхныя сваякі зазначаюць, што падзеі, паказаныя ў фільме, трагічныя не толькі для іх, але і для ўсёй краіны. «19 снежня 2010 года была жорстка разагнана ўладамі мірная акцыя пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў у Беларусі. Больш як тысяча дэманстрантаў у гэтую ноч былі затрыманыя. Сем з дзевяці кандыдатаў у прэзідэнты апынуліся ў турме КДБ. Сотні іх прыхільнікаў былі па-нялюдску збітыя і арыштаваныя на тэрміны ад 15 содняў да 4-ох гадоў зняволення. Дагэтуль у турме строгага рэжыму знаходзіцца кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які атрымаў найсуворайшы прыгавор за мірную акцыю пратэсту – 6 гадоў. Палітычна матываваныя прыгаворы працягваюць выносіцца ў нашай краіне і зараз», – зазначана ў дакуменце.

«Авель» – «брудная гульня ўладаў»

Гэтыя трагічныя падзеі, падкрэсліваецца ў звароце, скажона адлюстроўвае сцэнар фільму, які легітымізуе ў вачах грамадства дзеянні ўладаў, скіраваныя супраць уласных грамадзянаў. Аўтары дакументу назвалі гэты праект «бруднаю гульнёю ўладаў».



Палітзняволеныя ды іхныя сваякі таксама спадзяюцца знайсці ўзаемапаразуменне з іншымі зоркамі сусветнага кінематографу, калі тым запрапануюць зняцца ў «Авелі».

Някляеў: Заява пра галівудскіх зорак – пі-ар



Як мяркуе старшыня кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, яшчэ не факт, што Эрык Робэртс і Шэран Стоўн будуць браць удзел у здымках фільму. «Хутчэй за ўсё – гэта пі-ар-ход, каб прыцягнуць увагу да здымак з мэтаю павелічэння бюджэту фільму за кошт дзяржаўных сродкаў Рэспублікі Беларусь. Дзеянні стваральнікаў фільму паказваць, што яны імкнуцца павялічыць бюджэт фільму».

Някляеў не выключае, што ў павелічэнні бюджэту фільму зацікаўленыя і некаторыя беларускія чыноўнікі. «Хтосьці ж прапанаваў для здымкаў цэнтр сталіцы, хаця ў іншай краіне гэта каштавала б мільёны, нехта ж нагнаў бясплатных масавікоў».

Някляеў назваў фільм «Авель» «падазроным мастацкім праектам, у якім занятыя падазроныя людзі, праца якіх таксама ўяўляецца падазронай».



Адамовіч: Улады робяць тое, за што асудзілі ўдзельнікаў Плошчы



Марына Адамовіч, жонка палітзняволенага Мікалая Статкевіча, адзначыла, што не стала б звяртаць увагі на здымкі «Авеля», калі б не дзеянні ўладаў. «Я маю на ўвазе перакрыццё праезнай часткі праспекту ў моцны мароз, спыненне руху грамадскага транспарту, бо менавіта гэта інкрымінавалася ўдзельнікам Плошчы».

Нагадаем, кінастужка «Авель» ствараецца кампаніяй «Нонстоп Медыя» на замову Міністэрства культуры. На яе вылучылі больш за Br 20 млрд. ($ 2,17 млн.). Рэжысёр-пастаноўшчык карціны – выхадзец з Украіны каскадзёр і пастаноўшчык трукаў Ўільям Дэвіталь.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў