STARавіны. «Душу народу лёгка забіць»


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.

Несумненна, што кожны разумны чалавек ведае, што родная мова фармуе нацыю, спрыяе не толькі культурнаму, але і эканамічнаму развіццю дзяржавы, умацоўвае яе бяспеку. Напярэдадні Дня роднай мовы я пагартаў старыя газеты ў пошуках інфармацыі менавіта пра мову. Аказалася, што мы недалёка адышлі шляхам пашырэння беларускай мовы, хоць прайшло звыш ста гадоў.

Тады таксама не было беларускай мовы ні ў дзяржаўнай, ні ў прыватнай школе. Правыя і нацыяналісты ў Расеі не дапускалі родную мову перш за ўсё беларусаў і ўкраінцаў у школах для таго, як пісаў аўтар пад псеўданімам Ана, «каб зніштожыць тую «апратку душы», якой ёсць родная мова: тады і душу народу лёгка забіць» (НН, № 22, с. 1).

Не разумелі тады і сёння, што цяжка дзецям, якія ў хаце размаўляюць па-беларуску, на ўроках вывучаць матэрыял па-расейску. Шмат якія словы ў сваім сэнсе не супадаюць, а часам маюць адваротнае значэнне. Гэтак, Лемеш у артыкуле «Чужая мова» піша: «Узяць хоць бы слова «благі», каторае азначае злы, нягодны па-беларуску і па-расейску наадварот – добры, найлепшы. Адзін законавучыцель расказваў нам, як цяжка дзецям растлумачыць значэнне гэтага слова, ужытага ў стасунку да Бога» (НН, № 24–25, с. 1).

Дарэчы, і тады, як сёння, не ставала беларускай мовы ў хрысціянскіх святынях. Для беларуса-каталіка чужою была і польская мова, і расейская, да якіх заклікалі расейскія патрыёты ды «істінно-польскіе» людзі (НН, № 38, с. 1). Маніфест 17 кастрычніка дазваляў выкладаць навуку рэлігіі ў роднай мове вучняў, але тагачасны міністр адукацыі Касо сваім цыркулярам загадаў усіх, хто лічыць сябе беларусам, вучыць веры па-расейску.

У № 11 «Наша Ніва» звярталася да беларускай інтэлігенцыі з просьбаю запісваць словы, якімі сяляне называюць сельскагаспадарчыя прылады, розныя словы з батанікі, заалогіі, метэаралогіі, астраноміі, геалогіі, мінералогіі, народныя лекі ды хваробы, з галінаў гандлю, промыслаў, рамёстваў. Сцвярджалася, што сабраныя словы паслужаць навуцы і пашырэнню ведаў сярод народу (с. 2). Прачытаў я гэта і ўспомніў, як на пачатку 1990-ых гадоў мы таксама збіраліся пісаць моўныя слоўнікі ў розных галінах навукі.

Калі, шаноўныя чытачы, вы лічыце, як і я, што «народ жыве датуль, пакуль жыве яго мова; без народнай мовы няма народу», дык заклікаю вас цвёрда трымацца сваёй роднай мовы!

Прафесар Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў