Лукашэнка павіншаваў Грыбаўскайце з літоўскім Днём Волі


Кіраўнік Беларусі ад імя беларускага народу і сябе асабіста павіншаваў прэзідэнта Літвы Далю Грыбаўскайце з нацыянальным святам – Днём аднаўлення Літоўскай дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што «беларуска-літоўскія адносіны, заснаваныя на прынцыпах добрасуседства і ўзаемаразумення, будуць і ў далейшым дынамічна развівацца ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай і культурнай сферах супрацы на карысць грамадзянаў дзвюх краінаў», паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Галоўнае дзяржаўнае свята Літвы прымеркаваны да падзеяў 16 лютага 1918 года, калі надзелены паўнамоцтвамі народу Літоўская рада (Тарыба) на паседжанні ў Вільні абвесціў аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы. Праз месяц, у сакавіку, беларусы таксама абвесцілі аб стварэнні сваёй дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі – і яе незалежнасці.

11 ліпеня літоўцы абвесцілі сваю краіну Літоўскім каралеўствам. На пасад вырашылі запрасіць нямецкага прынца Вільгэльма фон Ураха. Але ўжо 2 лістапада рашэнне аб манархічным ладзе адклікалі.

Улетку 1919 года злучэнні Чырвонай Арміі былі выбітыя з тэрыторыі Літвы. Мір паміж РСФСР і Літвою заключылі ў 1920 годзе, пасля чаго Літоўскую дзяржаву прызнала міжнародная супольнасць. Праз 2 гады ў Літве прынялі Канстытуцыю, якая абвесціла Літву парламенцкай рэспублікай са сталіцаю ў Коўне.

Сёння прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце традыцыйна ўручыць дзяржаўныя ўзнагароды , а апоўдні пасля цырымоніі ўзняцця сцягоў трох краінаў Балтыі выступіць з прамоваю на плошчы Сіманаса Даўкантаса.

У буйных гарадах – Вільні, Коўне, Клайпедзе, Шаўлі ды Панявежысе адбудуцца святочныя канцэрты ды імпрэзы на гарадскіх плошчах. Апроч таго, на віленскім праспекце Гедыміна запаляць 16 сімвалічных вогнішчаў, у гістарычным Прэзідэнцкім палацы ў Коўне адбудзецца турнір ведаў, а ў аўтобусах гораду Шаўлі акторы будуць дэкламаваць вершы.

У цэнтры Коўна Літоўскі звяз нацыянальнай моладзі ў другой палове дня зладзіць традыцыйнае шэсце, якое праз яго нацыяналістычны характар трактуецца неадназначна.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары