«Афганцы» лічаць дні да вызвалення палітвязня Мікалая Аўтуховіча


Чвэрць стагоддзя таму для ўсіх тагачасных рэспублік СССР, у тым ліку і для Беларусі, скончылася чужая і крывавая вайна. Роўна 25 гадоў таму апошні савецкі вайсковец пакінуў Афганістан. Каму ж была патрэбная гэтая вайна, ці былі ў ёй пераможцы, і як цяпер у незалежнай Беларусі жывуць яе ветэраны?

Канфлікт, які доўжыўся амаль дзесяцігоддзе і які забраў жыцці больш як 14 тысячаў савецкіх вайскоўцаў. З іх блізу 800 – беларусы. Памяць загінулых у афганскай вайне сёння ўшаноўваюць на афіцыйным узроўні ўскладаннем кветак і прамовамі пра важную інтэрнацыянальную місію, якую разам са зброяй быццам бы неслі савецкія жаўнеры.

{movie}Афганскі сіндром|right|14840{/movie}

Калісьці ў гэта верыў і лейтэнант Сяргей Аніська, які трапіў у Афганістан у 22-гадовым узросце.

СЯРГЕЙ АНІСЬКА, ВЕТЭРАН ВАЙНЫ Ў АФГАНІСТАНЕ:

“Савецкая прапаганда працавала цудоўна. Гэтая ідэалагічная машына прамывала мазгі проста супер. Мы ведалі, што калі б не мы, туды праз “энную” колькасць дзён увайшлі б амерыканцы альбо войска НАТО. Ну, а мы меркавалі, што мы павінныя дапамагчы братняму афганскаму народу”.



Прапаганда ж працавала далей: гэтак, пра ваенныя дзеянні і пра ахвяры паведамлялі далёка не ўсё, шмат каго з забітых ціха вярталі на радзіму гэтак званым “грузам-200” і хавалі без залішняга розгаласу. Пра здароўе ж тых, хто вярнуўся жывым, дзяржава клапаціцца таксама не спяшалася.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ВЕТЭРАН ВАЙНЫ Ў АФГАНІСТАНЕ:

“У нас не было ў прынцыпе рэабілітацыйнага працэсу, як, дапусцім, я цяпер быў у Злучаных Штатах і вывучаў гэтае пытанне. Там рэабілітацыя – з першага дня пасля прыходу з вайны і цябе кантралююць да канца жыцця”.

Савецкі ж Саюз пасля вайны зарганізаваў “афганцам” шэраг ільготаў, сярод якіх – магчымасць атрымання жылля і таннейшыя лекі. Зрэшты, цяпер няма ўжо і гэтага: 7 гадоў таму, паводле ўказу кіраўніка Беларусі, ільготы скасавалі.

СЯРГЕЙ АНІСЬКА, ВЕТЭРАН ВАЙНЫ Ў АФГАНІСТАНЕ:

“Засталося што вось цяпер у мяне? Праезд у грамадскім транспарце ў Менску, раз на два гады – у санаторый. Пры чым у санаторыі не найлепшыя, а куды яны дадуць пуцёўку”.



Цяпер у Беларусі – прыблізна 27 тыс. “афганцаў”, тых, хто на чужую вайну, як і Сяргей Аніська, адправіліся зусім “зялёнымі”. Сёння і іх улады Беларусі падзялілі на “чэсных” і “нячэсных” – у залежнасці ад таго, да якой ветэранскай арганізацыі тыя належаць.

АЛЯКСАНДР КАМАРОЎСКІ, ВЕТЭРАН ВАЙНЫ Ў АФГАНІСТАНЕ:

“Нашую арганізацыю, прапісаную ў Жодзіне, і якая 20 гадоў здымала памяшканне ў БелАЗу пад офіс, праз суд выгналі з гэтага памяшкання, міліцыя і спецслужбы заміналі правядзенню нашага з’езду”.



Сярод гэткіх “нячэсных” – ветэран-“афганец” і грамадскі актывіст Мікалай Аўтуховіч, якога ўлады да пяці гадоў асудзілі нібыта за захаванне патронаў да паляўнічае зброі. Гэткі прысуд шмат хто лічыць палітычна матываваным.



АЛЕГ ВОЛЧАК, ВЕТЭРАН ВАЙНЫ Ў АФГАНІСТАНЕ:


“Мікалай Аўтуховіч ніколі не быў забыты. Пры першым тэрміне адсідкі і цяпер пры другім. Нашая арганізацыя ветэранаў баявых дзеянняў, мы яго заўжды падтрымліваем, лістуемся і таксама перадаем прывітанні ад іншых ветэранаў, якія працуюць на дзяржаўных службах і не могуць наўпрост пісаць”.

Але неўзабаве змогуць нават сустрэцца: на волю палітвязень мае выйсці сёлета ў красавіку. І гэткая дарога дадому для Аўтуховіча, натуральна, не менш цяжкая і доўгая за тую, якою роўна 25 гадоў таму ён вяртаўся з чужое афганскае вайны.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў