“Чамадан – вакзал – Тэль-Авіў”


Міністэрства замежных справаў Ізраілю выказала шкадаванне з нагоды выказванняў амбасадара Шагала, паведаміўшы, што яны ніякім чынам не адпавядаюць пазіцыі Дзяржавы Ізраіль.

Афіцыйных прабачэнняў і тлумачэнняў дагэтуль няма, хоць дыпламатычнае прадстаўніцтва Ізраілю абяцала сёння апублікаваць мемарандум наконт скандальных выказванняў амбасадара. Сам Ёсэф Шагал сустрэўся з лідарамі беларускай апазіцыі. І хоць на сустрэчы ён прызнаў існаванне палітвязняў Беларусі, аднак папрасіць прабачэння ў іхных блізкіх і грамадства дыпламат не захацеў. Якая была рэакцыя гасцей?
{movie} Шагал шкадуе, а не выбачаецца (14.02.2014) |right|14831{/movie}
У цёплай, сяброўскай атмасферы прайшла сённяшняя сустрэча лідэраў беларускай апазіцыі, у тым ліку экс-палітвязняў, з амбасадарам Ізраілю. Бакі абмеркавалі скандальнае выказванне Ёсэфа Шагала аб палітвязнях-крымінальніках, пасля чаго прыступілі да наладжвання ізраільска-беларускіх палітычных сувязяў. Беларускія палітыкі таксама дапамаглі Ёсэфу Шагалу ў падрыхтоўцы афіцыйнай заявы амбасады на тэму беларускіх палітвязняў.

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, ПАРТЫЯ БНФ:
“Агульны змест скіраваны на тое, каб па магчымасці зняць тыя пытанні, якія ўзніклі ў беларускага грамадства і, можа быць, у саміх сваякоў палітычных вязняў”.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:
“Амбасадар запэўніў, што ягоныя словы былі вырваныя з кантэксту і абсалютна няправільна інтэрпрэтаваныя”.

Прабачэнняў Ёсэф Шагал не прынёс, але партыйныя апазіцыянеры іх прынялі.

АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:
“Ён шкадуе аб тым, што так была інтэрпрэтаваная сітуацыя”.

Паводле Шагала і тых, хто яму паверыў, ізраільскага амбасадара няправільна зразумелі. Ва ўсім вінаватыя журналісты, што вырвалі словы з кантэксту. Ці сапраўды так? Варта цалкам паслухаць, што ўсё-такі сказаў Ёсэф Шагал, сам былы савецкі партыйны журналіст, у інтэрв’ю каналу RTVI аб беларускіх палітвязнях.

ЁСЭФ ШАГАЛ, АМБАСАДАР ІЗРАІЛЮ Ў БЕЛАРУСІ:
“З якога боку глядзець? З гледзішча Крымінальнага кодэксу краіны, дзе іх пасадзілі, яны крымінальнікі. З гледзішча Польшчы, Еўразвязу…”

ЖУРНАЛІСТКА RTVI:
“З гледзішча дзяржавы Ізраіль? Вы ж амбасадар”.

ЁСЭФ ШАГАЛ, АМБАСАДАР ІЗРАІЛЮ Ў БЕЛАРУСІ:
“Яны крымінальнікі з гледзішча нашага, бо афіцыйна ў іх ёсць артыкул”.

Паводле агульнапрынятай тэрміналогіі, палітвязень – гэта чалавек, у крымінальнай справе супраць якога прысутнічае яўны палітычны складнік. Артыкул пры гэтым можа быць любы. Як жартуюць беларускія сілавікі, быў бы чалавек.

Аб’яднаная грамадзянская партыя, лідар якой пасля выбараў таксама прайшоў праз Следчы ізалятар КДБ, вырашыла не ісці на сустрэчу да Шагала, а падрыхтаваць афіцыйны зварот да прэм’ер-міністра Ізраілю. Каб удакладніць: пазіцыя Ёсэфа Шагала – афіцыйная пазіцыя дзяржавы ці прыватнае меркаванне амбасадара? У апошнім выпадку рашэнне мусіць быць адно.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:
“Чамадан – вакзал – Тэль-Авіў. Я хацеў бы сустрэцца з новым амбасадарам Ізраілю ў Беларусі. З амбасадарам, а не камерсантам ад палітыкі, не камерсантам ад бізнесу”.

Сёння ж Ёсэф Шагал прызнаўся апазіцыянерам, што ўсю інфармацыю пра палітвязняў ён атрымаў ад беларускага МЗС і, як сумленны дыпламат, усяму паверыў.

ЁСЭФ ШАГАЛ, АМБАСАДАР ІЗРАІЛЮ Ў БЕЛАРУСІ:
“Тыя, каго лічаць палітвязнямі, гэта чатыры чалавекі афіцыйна, чатыры чалавекі засталіся і сядзяць у турме. Лукашэнка прапаноўвае ім напісаць просьбу аб памілаванні, як гісторыя з Хадаркоўскім: напішы просьбу – цябе адпусцяць. Яны не хочуць, жадаюць заставацца героямі ў турме”.

У Беларусі сёння за кратамі не 4, а 11 вязняў сумлення, і свет не мусіць пра іх забываць. Пра гэта казаў сёння ў сталіцы Аўстрыі Андрэй Саннікаў, выступіўшы на паседжанні Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Палітык распавёў, як сам прайшоў праз катаванні ў турме яшчэ з пасведчаннем кандыдата ў прэзідэнты.

АНДРЭЙ САННІКАЎ, ЭКС-ПАЛІТВЯЗЕНЬ:
“Мяне моцна збілі, мяне арыштавалі па дарозе ў шпіталь, пасадзілі ў турму КДБ, у катавальныя ўмовы. Мне адмаўлялі ў прававой і мэдычнай дапамозе. Я сустрэўся з адвакатам толькі праз месяц”.

Так ці іначай, цяпер пра беларускіх палітвязняў ведаюць і ў Ізраілі.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu
https://youtu.be/xbIfRgNZJ7A

Глядзі таксама
Каментары