Пратэрмінаванае каханне


Калі прэзідэнт хлусіць жонцы, што яму перашкаджае хлусіць народу? Адваротны бок кахання – з перспектывы палітыкаў высокага рангу.

Мы ўсе хочам, каб нас любілі. Часамі мы самыя спрабуем падзяліцца альбо навязаць гэты натхняльны эфір незразумелых пачуццяў. Кожны тлумачыць для сябе гэтую загадку па-свойму. Дарвіністы скажуць, што каханне – гэта механізм эвалюцыі. Вернікі спашлюцца на Бога. Рамантыкі напішуць пра каханне стосы вершаў. А скептыкі і цынікі паспрабуюць не кранаць гэтай тэмы, бо, хутчэй за ўсё, ужо апякліся полымем наймацнейшага на свеце пачуцця. Але жарнавы гэтага любоўнага млына як малолі тысячагоддзі да нас, гэтак і будуць малоць. Ахвярамі ж гэтага няспыннага працэсу становімся не толькі мы, шэрыя постаці з натоўпу, але і тыя, хто прабіўся на верх сацыяльнай піраміды: прэзідэнты, прэм’еры, палітычныя лідары.

Ах, Францыя! Гэта ўсё твае лявацкія ідэі…

Любоўныя інтрыгі французскіх палітыкаў не раз траплялі на першыя палосы сусветных выданняў. Французскі прэзідэнт Франсуа Мітэран круціў раман з мастацтвазнаўцаю Аннэ Пэнжо і жыў на дзве сям’і. Жак Шырак, на версію французскіх журналістаў, здраджваў сваёй жонцы Бэрнадэт з акторкаю Клаўдыяй Кардынале. А Нікаля Сарказі ўвайшоў у гісторыю як адзіны кіраўнік Францыі, які разжаніўся падчас выканання прэзідэнцкага мандату. Не адстаў ад сваіх папярэднікаў і цяперашні прэзідэнт Пятае рэспублікі Франсуа Алянд. Некалькі тыдняў таму ён разышоўся са сваёй грамадзянскаю жонкаю Валеры Трыервэйлер. Валеры доўга не чакала і падала на Алянда ў суд, каб той скампенсаваў фінансавыя страты жанчыны, якая адмыслова для яго звольнілася з пасады вядоўцы аднаго з французскіх тэлеканалаў.

Франсуа Алянд і Валеры Трыервэйлер

Вова-дзюдаіст і гімнастка Аліна

Сямейны раскол нядаўна перажыла і прэзідэнцкая пара Расеі. Уладзімір Пуцін пастанавіў паставіць кропку на 30 гадах супольнага жыцця з жонкаю Людмілаю. На версію расейскіх і заходніх бульварных газетаў, адбылося гэта праз раман расейскага прэзідэнта з алімпійскаю чэмпіёнкаю Алінаю Кабаевай. Летась на прэс-канферэнцыі ў Італіі Пуцін зняпраўдзіў гэтыя чуткі і заявіў, што яму падабаюцца ўсе ягоныя «гіпатэтычныя» каханкі, пра якія піша расейская жоўтая прэса.

Уладзімір Пуцін з з жонкаю Людмілаю

Black love

Кіпяць страсці і за акіянам. Амерыканская прэса пачала трубіць пра магчымае разжэнства Барака Оўбамы з жонкаю Мішэл. На версію амерыканскіх таблоідаў, амерыканскі прэзідэнт «схадзіў налева» з вядомаю спявачкаю Бэёнсэ (Beyonce), якая ў шлюбе з рэперам Джэй-Зі (Jay-Z). Сам Оўбама гэтых чутак не каментуе. А Бэёнсэ ў адным з апошніх інтэрв’ю назвала гэтую інфармацыю абсурдам, але дадала, што яны з мужам у вельмі блізкіх сяброўскіх стасунках з Оўбамам, які пасля другой перамогі на прэзідэнцкіх выбарах сказаў кранальныя словы: «Я не быў бы тым чалавекам, якім ёсць сёння, без жанчыны, якая пагадзілася выйсці за мяне замуж 20 гадоў таму. Дазвольце мне сказаць гэта публічна: Мішэл, я ніколі не любіў цябе больш, як цяпер».

Барака Оўбама з жонкаю Мішэл

Цягам месяца згубіў жонку і прэм’ерскае крэсла

Гісторыя кахання чэшскага прэм’ера Пэтра Нэчаса працягнулася амаль чвэрць стагоддзя. Скончылася здрадаю, скандалам, дзяльбою маёмасці і разжэнствам. Пэтр пазнаёміўся са сваёй экс-жонкаю Радкаю на дыскатэцы. Яму было 18, а ёй 17. Фінальным акордам рамантычнай гісторыі стаў раман кіраўніка чэшскага Кабінету міністраў з былым кіраўніком прэм’ерскага сакратарыяту Янай Наг’ёвай. Сям’я Нэчаса распалася на фоне карупцыйнага скандалу, у выніку якога ён страціў пасаду прэм’ера.

Спагеці-каханне за € 76 млн

Шлюбаразводны працэс каштаваў італьянскаму палітыку Сільвіё Бэрлюсконі $ 76 млн. Такую суму атрымала ягоная былая жонка Вэраніка Ляр’ё. 76-гадовы лавелас доўга па страчанай жонцы ды грошах не гараваў і нядаўна аб’явіў пра заручыны з 27-гадовай прыгажуняй з мадэльнага подыуму Франчэскаю Паскале. Праўда, пасля судовага працэсу італьянскі палітык панаракаў на суддзяў, якія «забралі» у Бэрлюсконі ягоныя мільёны. «Гэта феміністкі і камуністкі», назваў састарэлы жыгала суддзяў, якія задаволілі просьбу Вэранікі на разжэнства. Акторка пражыла разам з Бэрлюсконі 19 гадоў.

Сільвіё Бэрлюсконі і Вэраніка Ляр’ё

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў