Удзельнік «Місіі Сібір»: экспедыцыі па месцах ссылак патрэбныя і беларусам


Штолета каманда маладых літоўцаў выпраўляецца па слядах ссылак сваіх суайчыннікаў. На далёкіх землях засталіся магілы тых, хто ссылкі не перажыў. Маладзёны аднаўляюць пакошаныя крыжы і зацёртыя надпісы.

За больш як 20 гадоў незалежнасці літоўцы грунтоўна даследавалі савецкія рэпрэсіі. Месцы расстрэлаў ушаноўваюць, архіў дакументаў КДБ – адкрыты для публікі, з камераў НКУС зрабілі музей.

Таму літоўцы выходзяць за межы сваёй рэспублікі. За гады савецкай акупацыі ў Сібір і іншыя далёкія краі саслалі або адправілі ў лагеры амаль 300 тысяч жыхароў Літвы. Абсалютная большасць дэпартаваных літоўцаў падчас «адлігі» вярнуліся на Радзіму. Колішнія літоўскія вёскі ў Сібіры занепадаюць, могілкі паглынае лес.

Беларус, што шукае літоўскія магілы

Восем гадоў таму ўтварылася ініцыятыва «Місія Сібір» («Misija Sibiras») – штогадовая экспедыцыя ў месцы колішніх ссылак літоўцаў. На гэтым тыдні ўдзельнікі экспедыцыі запрасілі гасцей, каб распавесці пра свае ўражанні ды паказаць фотаздымкі з вандроўкі.

Штораз далучыцца да ганаровай місіі жадаюць некалькі соцень асобаў. Адзін з удзельнікаў падарожжа 2013 года беларус Валерый Аляхновіч распавядае, што сёлета падалі аж 700 заяваў.

«Папярэдне абіраюць 50 асобаў, якія адпраўляюцца ў пробны паход па Літве. З гэтай колькасці абралі 15 найлепшых, якія і паехалі ў Сібір, – кажа Валерый. – Ты мусіш быць не толькі фізічна моцным, але мець моцную матывацыю і камандны дух».

Гэтым летам каманда адправілася ў Цюменскую вобласць. У 50–60-х гадах у Цюмені дзеяў лагер, побач размяшчалася папраўчая калонія. У краі не было выключна літоўскіх паселішчаў, у вёскі Цюменшчыны ссылалі з Латвіі, Эстоніі, Беларусі, Украіны. Удзельнікі распавядаюць пра Уладзіміра, беларуса, які сам пераехаў сюды жыць. Ён падзяліўся з моладдзю ўнікальнымі гісторыямі пра жыццё і побыт ссыльных. Расказаў, напрыклад, што літоўцы былі выключна працавітыя, ды іхная гаспадарка часам была мацнейшая за гаспадаркі мясцовых жыхароў. Апошнія пабойваліся гасцей з захаду, таму іхныя вуліцы называлі «бандыцкімі».

За два тыдні экспедыцыі хлопцы і дзяўчаты прывялі да ладу 5 могілак. Літоўскія магілы знаходзілі з цяжкасцю: «Самыя моцныя ўражанні былі, калі мы паехалі толькі ўтрох. У нас была арыенціроўка адно паводле запісаў. І калі мы ўрэшце знайшлі гэтыя магілы, мяне перапоўнілі эмоцыі», – распавядае Валерый.

Сібір ссыльных беларусаў: місія невыканальная?

«Місія Сібір» – гэта ўнікальная ініцыятыва на постсавецкай прасторы. Валерый, які сустрэў у вандроўцы нямала беларускіх слядоў, пагаджаецца, што даследаваць гісторыю ссыльных з Беларусі таксама трэба.

Аднак дзеля гэтага трэба немалое падтрыманне на дзяржаўным узроўні. У Літве праект афіцыйна падтрымлівае ўрад. За 12 гадоў дзейнасці чальцы ініцыятывы наведалі з экспедыцыямі шэраг вобласцяў Сібіры, Бурацію, Хакасію, Таджыкістан і Казахстан.

Эксперт: беларусам ёсць з чаго пачаць

Даследнік рэпрэсіяў у Беларусі Ігар Кузняцоў мяркуе, што ініцыятыва ўвекавечання памяці ссыльных беларусаў актуальная і неабходная. Аднак як вызначыць гэтыя паселішчы на шырокіх прасторах усходу і поўначы СССР? «Папярэднюю працу можна наладзіць паводле Кніг памяці ахвяраў рэпрэсіяў, выдадзеных па ўсіх расейскіх рэгіёнах», – адказвае гісторык.

Пакуль паўнавартаснай мапы савецкіх дэпартацыяў беларусаў няма. За часамі працы ў арганізацыі «Мемарыял» у Томскай вобласці Ігар Кузняцоў вызначыў некалькі паселішчаў гэтага рэгіёну, дзе кампактава жылі беларусы. «Гэта вёскі Беласток, Крывашэіна і Полазава. Шмат хто з нарадзінцаў Беларусі апынуўся там яшчэ ў гады сталыпінскай рэформы, а ў часы Сталіна быў рэпрэсаваны», – распавядае даследнік.

Паводле афіцыйных звестак, у перыяд з 1940 да 1952 года з Беларусі саслалі больш за 130 тысяч асобаў. Згодна з неафіцыйнымі падлікамі, якія ўлучаюць даваенны перыяд, – больш за паўмільёна жыхароў БССР.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў