Тэлестаршыня Сумар


Метадам Уга Чавэса – вядзеннем уласнай тэлеперадачы – пачалі карыстацца і ў Беларусі. Пакуль, праўда, на абласным узроўні. Кіраўнік Берасцейшчыны Канстанцін Сумар пачаў выходзіць у эфір, каб паказваць грамадзянам, як працуе вертыкаль улады, і рапартаваць аб поспехах кіравання. А як паставіліся да новага тэлегероя жыхары падуладнай Сумару вобласці?

{movie}Тэлестаршыня Сумар|right|14809{/movie}

На канале «Беларусь 2» – прэм’ера! Сярод навінаў, спорту, гумару, фільмаў і эратычнага кіно з’явілася новая праграма пад гучнаю назваю «40 хвілінаў з губернатарам». Такі даўгі эфір Канстанцін Сумар – зусім не губернатар, а старшыня аблвыканкаму – скарыстаў на справаздачу аб дасягненнях у мадэрнізацыі ды поспехах у сельскай гаспадарцы.

КАНСТАНЦІН СУМАР, КІРАЎНІК БЕРАСЦЕЙСКАЙ ВОБЛАСЦІ:
«А непасрэдна летась, паводле даручэння нашага прэзідэнта, мадэрнізацыя ўжо стала эканамічным арыенцірам для ўсёй нашай эканомікі».

Плануецца, што Канстанціна Сумара ўперамешку з ролікамі аб добрым жыцці на Берасцейшчыне гледачам будуць трансляваць не менш за раз на месяц. Праўда, з апытаных намі берасцейцаў прэм’еру прапусцілі ўсе. Большасць хоць не глядзелі, але асуджаюць чыноўніка як вядоўцу. Радуецца – меншасць.

ЖЫХАРЫ БЕРАСЦЯ:
«Гэта ж добра. Трэба злучаць народ і падтрымліваць пачуцце патрыятызму».

«Ну, Сумар, можа, і добра жыве. Калі б мы столькі атрымлівалі, столькі ў нас было кватэраў і ў нашых дзяцей, як у Сумара, то было бы ўсё цудоўна».

«Вунь, у нас тут прыватны дом з надзелам. І зямлю адбіраюць. І колькі я хадзіла – гадоў мо 7 – звярталася, і нічога».

Дабіцца праўды ў старшыні аблвыканкаму простаму чалавеку цяжка, кажа Валянціна Мальцава. Жанчына ўжо 2 гады судзіцца праз жылы гістарычны дом у цэнтры Берасця. І на прыём да Сумара хадзіла разам з суседзямі. Прынялі добра, але…

ВАЛЯНЦІНА МАЛЬЦАВА, ЖЫХАРКА БЕРАСЦЯ:
«Было даручэнне вырашыць нашае пытанне ў станоўчы бок, каб людзі былі задаволеныя. У выніку нічога не зрабілі».

Хоць Канстанцін Сумар любіць паказваць, што… любіць людзей. І дэманстраваць свой прыгожы голас ён таксама любіць. Выдаў нават альбом лірычных песняў. І перадачу пачаў весці для справы, каб быць бліжэй да народу.

КАНСТАНЦІН СУМАР, КІРАЎНІК БЕРАСЦЕЙСКАЙ ВОБЛАСЦІ:
«Такія зносіны даюць зрэз болевых кропак, на якія трэба паглядзець больш уважліва, і прыняць неабходныя, а дзе трэба, то і вельмі жорсткія захады. Такую практыку ў свой час ініцыяваў кіраўнік дзяржавы. І яна адразу прыжылася ў нас у вобласці».

Дарэчы, Аляксандра Лукашэнку кіраўнік Берасцейшчыны любіць ці не больш за простых людзей. Аднойчы ён сказаў прэзідэнту ў вочы, што той – вышэйшы за Бога. Ды заклікаў паставіць Лукашэнку помнік пры жыцці за праграму адраджэння вёскі.

МАКСІМ ХЛЯБЕЦ, ГІСТОРЫК, БЕРАСЦЕ:
«Насамрэч, Сумар мае рацыю: будаваць помнік у Берасці Лукашэнку. Асабліва калі ў гэтым годзе. Бо сёлета будзе 60 гадоў Лукашэнку. Атрымліваецца, што і Сталіну ставілі помнікі якраз у дзень народзінаў, калі яму было 50 гадоў, пачалі ставіць помнікі. І тое ж самае было з Маў Цзэ Дунам».

Нават без помніка ўвайшоў у гісторыю сам Канстанцін Сумар. А ў жыцці берасцейцаў яго стала яшчэ больш. Але ці ад гэтага берасцейцам адразу стала жыць лепш?

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў