Ці гатовыя беларускія «афганцы» падтрымаць Плошчу-2015?


Касцяк самааховы Майдану ў вялікай ступені складаецца з тых, хто калісьці ваяваў у Афганістане. У Беларусі – каля 20 тыс. афганцаў. Ці могуць нязгодныя з беларускім рэжымам разлічваць на іхную дапамогу?

«Майдан увойдзе ў падручнікі рэвалюцыяў, бо гэта настолькі [добра. – belsat.eu] арганізаванае мерапрыемства, настолькі заканспіраванае, і падыход такі, як падчас баявых дзеянняў, – гаворыць удзельнік вайны ў Афганістане, беларускі праваабаронца Алег Волчак. – Я паглядзеў, як ахову яны выстаўлялі, якія захады абароны прымалі супраць правакатараў, як прапускная сістэма працуе. У мяне стварылася такое ўражанне, што як блокпасты ў Афганістане былі».

Паводле Алега Волчака, у першыя гады незалежнасці некаторыя групы «афганцаў» удзельнічалі ў дэмакратычных мітынгах. Таму ўлады Беларусі яшчэ ў 1994-м паклапаціліся пра тое, каб аб’яднаць удзельнікаў вайны ў Афганістане пад сваім крылом. Цяпер большасць з іх уваходзіць у праўрадавую арганізацыю «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Украінскія «афганцы», зазначае Алег Волчак, не трапілі пад моцны кантроль уладаў.

Аднак калі ў 2008 годзе ў тых, хто ваяваў Афганістане, забралі ільготы, праўрадавыя арганізацыі прамаўчалі. Адстойваць правы ўзялося альтэрнатыўнае аб’яднанне ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане – «Абаронцы Айчыны». Яно таксама сочыць за лёсам былога «афганца», палітвязня Мікалая Аўтуховіча, якога трымаюць за кратамі.

Алег Волчак зазначае, што сітуацыя з ільготамі, на жаль, толькі пагаршаецца. З мінулага года ўдзельнікам Афганскай вайны ўжо не даюць кватэраў без чаргі. У сельскай мясцовасці яны не могуць скарыстацца ільготамі падчас прыватызацыі жытла, як іхныя паплечнікі ў гарадах. Знайсці працу з прыстойным заробкам – таксама праблема, таму шмат хто з’язджае ў Расею. Ужо не кажучы пра тое, што ў Беларусі адсутнічае праграма рэабілітацыі ўдзельнікаў баявых дзеянняў.

Паводле ацэнкі Алега Волчака, у Беларусі цяпер каля 20 тыс. «афганцаў». Яшчэ ў 1989 годзе іх было 32 тыс. То бок за 25 гадоў колькасць зменшылася больш як на трэць. І ў 80 % прычына гэтага – не міграцыя, а ранняя смерць.

Паводле ягоных словаў, ужо сёння ў асобных праўрадавых структурах «афганцаў» ёсць недавер да кіраўніцтва, ёсць людзі, гатовыя выйсці з іх шэрагаў. Каб змякчыць сітуацыю, Лукашэнка выдаў указ пра ўзнагароджанне медалём з нагоды 25-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістану. 5 гадоў таму ад такога медаля адмовіліся болей за 400 чалавек – на знак пратэсту супраць скасавання ільготаў.

«Калі здарыцца такая сітуацыя, як Майдан, незалежна ад таго, ці будзем мы або іншая арганізацыя заклікаць да аб’яднання, – інстынкт праявіцца […] Летась тых, хто не паспеў атрымаць кватэраў, выкінулі са спісу. А там афіцэры, прапаршчыкі, шарагоўцы. Для людзей гэта быў вельмі моцны ўдар. Таму незадаволенасць можа выліцца, і «афганцы» могуць потым падтрымаць беларускі Майдан, калі такі будзе», – лічыць Алег Волчак.

Ён дадае, што «афганцы» заўсёды цікавіліся выбарамі. З іх, напрыклад, складалася ахова адзінага кандыдата ад апазіцыі на пасаду прэзідэнта ў 2001 годзе Уладзіміра Ганчарыка.

Алег Волчак мяркуе, што калі ў Беларусі паўстане Плошча, дык адбудзецца гэта не з ініцыятывы апазіцыі: «Цяпер столькі ідзе сацыяльных з’яваў у грамадстве, незадаволенасці. Яна сама выявіцца ў 2015 годзе. Тады будзе праблема і для ўладаў, і для апазіцыі – як кантраляваць гэты працэс». І ў гэтым, паводле яго, павінны дапамагчы якраз атрады самааховы: «Прыклад Майдану паказвае, як усё можна зрабіць культурна, цывілізавана і мірна. Чым хутчэй будзе створаная такая служба, тым лепей будзе і для ўладаў. Бо ахова дапамагае запэўніваць бяспеку грамадзянаў падчас мітынгу і спыняе любыя правакацыі», – падсумоўвае праваабаронца.

Фільм пра самаахову Майдану

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, якія скончыліся Плошчаю, Алег Волчак працаваў у штабе Аляксандра Казуліна. «Мы тады больш-менш народную дружыну спрабавалі арганізаваць. Атрымалася – 40 чалавек. Прынамсі, некаторыя пытанні мы маглі кантраляваць», – узгадвае ён.

На Плошчы-2010 людзей было нашмат больш, аднак пра самаахову ніхто не паклапаціўся. «Калі б гэтая дружына была – я ж сам стаяў у вытокаў і на Плошчы быў, – мы маглі б адгарадзіць гэтых людзей, якія былі шыбы, каб не было правакатараў, і маглі б потым стрымліваць націск. Тады, я думаю, улады не мелі б нагоды якой-кольвек ужываць фізічную сілу», – гаворыць Алег Волчак.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, якія скончыліся Плошчаю, Алег Волчак працаваў у штабе Аляксандра Казуліна. «Мы тады больш-менш народную дружыну спрабавалі арганізаваць. Атрымалася – 40 чалавек. Прынамсі, некаторыя пытанні мы маглі кантраляваць», – узгадвае ён.

На Плошчы-2010 людзей было нашмат больш, аднак пра самаахову ніхто не паклапаціўся. «Калі б гэтая дружына была – я ж сам стаяў у вытокаў і на Плошчы быў, – мы маглі б адгарадзіць гэтых людзей, якія былі шыбы, каб не было правакатараў, і маглі б потым стрымліваць націск. Тады, я думаю, улады не мелі б нагоды якой-кольвек ужываць фізічную сілу», – гаворыць Алег Волчак.

Лідар «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў узгадвае, што падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года ў ягоны штаб звярталіся былыя васкоўцы і былыя працаўнікі спецпадраздзяленняў. Яны прапаноўвалі стварыць атрад самааховы на выпадак масавай акцыі пратэсту супраць вынікаў падліку галасоў. «Прапановамі гэтымі мы не скарысталіся, бо прынялі сцэнар, які меў на ўвазе абсалютна мірнае развіццё падзеяў на Плошчы і адсутнасць сілавога ціску з боку ўладаў. А калі прымаеш такі сцэнар, то ствараць нейкі супраціў са свайго боку немэтазгодна», – тлумачыць экс-кандыдат на прэзідэнцтва. Ён прызнае, што гэта была памылка, і абяцае яе выправіць.

Паводле Уладзіміра Някляева, калі Плошча паўторыцца ў будучыні, яны з паплечнікамі будуць абапірацца на досвед Майдану. «Ёсць у Беларусі такія людзі, якія гатовы рызыкаваць не толькі месцам працы, але і значна больш, каб змяніць сітуацыю ў краіне. Такія людзі ёсць. Ім трэба проста адпаведная сітуацыя», – зазначае лідар «Гавары праўду!».

У 2015 годзе беларусаў чакаюць чарговыя прэзідэнцкія выбары.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары