Былога начальніка «хіміі» асудзілі за хабары і збіццё асуджанага


Карыстаючыся службовым становішчам, начальнік папраўчай установы адкрытага тыпу ў гарадскім пасёлку Круглае змушаў зняволеных даваць яму грошы і набываць ежу. У судзе таксама даказалі адзін выпадак, калі начальнік збіў зняволенага, зламаўшы яму нос.

Міжгарнізонны вайсковы суд прызнаў 36-гадовага міліцыянта вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, шматразовым атрыманні хабару і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

Паводле следства, калі мужчына працаваў начальнікам «хіміі», у ліпені 2012 года ў стане алкагольнага ап’янення збіў зняволенага і зламаў яму нос.

Міліцыянт таксама браў грошы з асуджаных. Гэтак, у верасні 2013 года ўзяў у асуджанага Br 500 тыс. за спрыяльнае развязанне пытання, што ўваходзіла ў ягоную кампетэнцыю: за неўжыванне ў дачыненні асуджанага, які парушыў парадак і ўмовы адбывання пакарання, дысцыплінарнай ізаляцыі.

У студзені–лютым 2013 года паўторна атрымаў ад трох асуджаных у якасці хабару Br 4 млн за тое, што замоўчваў іхныя спробы ўхілення ад пакарання. Апрача таго, патрабаваў ад некаторых зняволеных набываць яму за свой кошт харчы.

Суд прыгаварыў былога міліцыянта да пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, са штрафам памерам 40 базавых велічыняў. Былога начальніка «хіміі» таксама пазбавілі звання падпалкоўніка міліцыі.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў