Амбасадар Ізраілю і лідары апазіцыі абмяркуюць праблему палітзняволеных


Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Ёсэф Шагал сказаў, што ягоную заяву пра палітвязняў у Беларусі «зразумелі не так».

Ёсэф Шагал і прадстаўнікі беларускай апазіцыі сустрэнуцца 14 лютага. Пра гэта паведаміў лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў. Палітык перадаў Ёсэфу Шагалу кнігу «Голас волі з-за кратаў» – зборнік твораў беларускіх аўтараў, якія ў розныя гады былі прызнаныя палітзняволенымі, выдадзены ў пачатку гэтага года ў Вільні. Як растлумачыў Някляеў, ён уручае кнігу амбасадару, каб той «пранікнуўся сапраўднымі палітычнымі рэаліямі Беларусі» і «ніколі не спазнаў таго лёсу, які дастаўся людзям з гэтай кнігі».

Скандал вакол амбасадара Ізраілю ў Беларусі разгарэўся пасля ягоных выказванняў журналістам каналу RTVi. У інтэрв’ю ён назваў беларускіх палітзняволеных «крымінальнікамі».

Як расказаў палітык пасля сустрэчы з паслом, Ёсэф Шагал сустрэў яго гасцінна. Амбасадар заявіў, што «выйшла непаразуменне: ён сказаў адно, а журналісты зразумелі не так».

Паводле Някляева, дыпламат са шкадаваннем зазначыў, што ў яго інфармацыя аб палітычных працэсах у Беларусі аднабаковая, пераважна з дзяржаўных органаў. «Ён хацеў бы гэтую інфармацыю ўраўнаважыць і сустрэцца з лідарамі беларускай апазіцыі. Я перадаў ім просьбу пасла, яна прынятая, і заўтра а 10:30 мы сустракаемся ў пасольстве», – паведаміў палітык.

Апрача Някляева, удзел у сустрэчы плануюць узяць лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец, лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, а таксама старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў