Дзяржава бярэ на ўзбраеннне... кіно – для барацьбы за галасы грамадзянаў


З набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў, мяркуюць эксперты, будуць расці маштабы іншай праблемы. Гаворка пра выкарыстанне ў якасці інструменту прапаганды масавага… мастацтва. Дзяржава бярэ на ўзбраеннне… кіно – для барацьбы за галасы грамадзянаў, лічаць дзеячы культуры ды палітыкі, што сабраліся на адмысловы круглы стол. І заклікаюць: не верце прыгожай, але хлуслівай карцінцы.

{movie}«Такога кіно нам не трэба!» (12.02.2014) |right|14787{/movie}

Чым бліжэй прэзідэнцкія выбары, тым мацней улады будуць закручваць гайкі і дурыць галовы, папярэджваюць незалежныя рэжысёры ды апазіцыйныя палітыкі. Дзяржаўная вертыкаль мае для гэтага ўсё неабходнае: кантроль за інтэрнэтам, радыё і тэлебачанне, а цяпер і кіно.

ЮРЫЙ ХАШЧАВАЦКІ, РЭЖЫСЁР, СЦЭНАРЫСТ:
“Прапаганда, якою карыстаюцца ўлады нашыя, становіцца ўсё дурнейшая і дурнейшая, усё чарнейшая і чарнейшая, і ўсё больш непрафесійная”.

Дзяржава выкарыстоўвае дурную, прымітыўную прапаганду, кажа Юрый Хашчавацкі. Такую, каб людзі развучыліся думаць.

ЮРЫЙ ХАШЧАВАЦКІ, РЭЖЫСЁР, СЦЭНАРЫСТ:
“Улады ствараюць нейкую нерэчаісную рэчаіснасць, у якой мы нібы жывем. І яны спрабуюць нас у гэтую нерэчаіснасць нерэчаісную ўцягнуць. І трэба сказаць, што ў нейкім сэнсе ім гэта ўдаецца”.

Многія памятаюць прапагандысцкі фільм “Плошча: жалезам па шкле”, паказаны па дзяржаўных каналах пасля разгону паслявыбарчага мітынгу. Многія паверылі ў гісторыі пра спробу захопу ўлады ад добра арганізаванай апазіцыі. Аднак былі і тыя беларусы, што вырашылі паказаць падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў са свайго боку. Так паўстаў фільм “Жыве Беларусь”, зняты на грошы Польшчы і прыватнага французскага каналу. Поспех фільму паказаў, што апазіцыя можа супрацьстаяць дзяржаўнаму апарату ў змаганні за свядомасць выбарцаў.

ЛЕАНІД МІНДЛІН, ЖУРНАЛІСТ, КІНАДАКУМЕНТАЛІСТ:
“Толькі крэатыўнымі нейкімі метадамі. Толькі крэатыўнымі. Бо ў апазіцыі няма такіх інструментаў, як ва ўлады”.

Найноўшы прыклад выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу і бюджэтных сродкаў у прапагандысцкіх мэтах – здымкі фільму “Авель”. Перакрыты праспект, сапраўдны спецназ, сагнаныя ў мароз студэнты – усё гэта, каб распавесці гісторыю аб спробе захопу ўлады гвалтоўнымі метадамі. І гэта нібыта не пра Менск.

СЯРГЕЙ ЖДАНОВІЧ, ПРАДЗЮСАР ФІЛЬМУ «АВЕЛЬ»: “Вы цяпер параўноўваеце ўсё з Плошчай. А хто вам сказаў, што мы здымаем фільм пра Плошчу?”

Прадзюсар “Авеля” не лічыць, што здымае адказ на стужку “Жыве Беларусь”. Для яго гэта проста ўдалы камерцыйны праект.

СЯРГЕЙ ЖДАНОВІЧ, ПРАДЗЮСАР ФІЛЬМУ «АВЕЛЬ»:
“Калі б гэта было дзесьці ў Штатах, гэтая сцэна каштавала б прадзюсарам мільён”.

Стваральнікі фільму атрымалі ад дзяржавы і грошы, і магчымасці, адначасова з тым – хвалю крытыкі як ад удзельнікаў пратэсту 2010 года, так і ад творчай інтэлігенцыі.

АНДРЭЙ КУРЭЙЧЫК, РЭЖЫСЁР, СЦЭНАРЫСТ: “Гэты фільм раз’яднаў людзей. Мы бачым, што яго ніхто не чакае, яго не хочуць глядзець, да яго ставіцца адмоўна абсалютная большасць гледачоў”.

Без гледачоў “Авель” наўрад ці застанецца. Уладам нічога не замінае набіваць вайскоўцамі і студэнтамі залы беларускіх кінатэатраў, як гэта часта робяць на спартовых мерапрыемствах. Ды і на выбарчых участках.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў