Алімпійскае “золата” – ужо ў руках беларускі + (фота)


https://youtu.be/T0vOeGIUIcA
Алімпійскае “золата” – ужо ў руках беларускі. Дар’я Домрачава перамагла ў спаборніцтвах напярэдадні, але цырымонія ўзнагароджання адбылася сёння. Вядома, спартоўку чакаюць узнагароды таксама і па вяртанні дадому. Але алімпійскі медаль – сімвалічны. Пра яго выключнасць і радасць алімпійскай чэмпіёнкі – з Сочы наш адмысловы карэспандэнт.

{movie}З «золатам» у руках (12.02.2014) |right|14786{/movie}

Алімпійскі парк у Сочы. Кожны спартовец хоча быць тут а 20:14 мясцовага часу. Бо ў гэты момант алімпійскія медалі знаходзяць сваіх герояў. А яны атрымоўваюць заслужаны тытул алімпійскіх чэмпіёнаў. Сёння гэты момант асаблівы, бо на алімпійскім подыуме – беларуска Дар’я Домрачава.

Першы алімпійскі медаль у Сочы для Беларусі. І адразу залаты. Эмоцыяў не стрымліваў ніхто.

ДАР’Я ДОМРАЧАВА, АЛІМПІЙСКАЯ ЧЭМПІЁНКА:
“Гэта неверагоднае адчуванне. Суперніцы былі на высокім узроўні. Я адчуваю мурашкі на скуры. Заўзятары мяне падтрымлівалі. Забег быў вельмі класны. За фінішнаю лініяй у мяне было дастаткова часу, каб затанчыць. Перасекчы фінішную лінію з маім сцягам было цудоўна”.

Калі вартасць алімпійскага медаля пералічыць на грошы – то гэта будзе мала, а нават – вельмі мала. Аднак для кожнага спартоўца такі медаль бясцэнны.

Медалі з кожнае алімпіяды непадобныя да іншых, усе яны з прэтэнзтяй на выключнасць. Гэтыя, сочынскія, маюць 1 сантыметр таўшчыні ды 10 сантыметраў у дыяметры. У залежнасці ад металу, важаць ад 460 да 531 грама. Усяго ў Сочы прыгатавалі ажно 1300 такіх медалёў. Лёгкасці ім дадае асаблівы кшталт – злучэнне металу і полікарбанату. І выключны ўзор мясцовых гораў у праменях сонца на ўзбярэжжы Чорнага мора, але з гравюрамі розных культураў і этнічных групаў Расеі. Ёсць на медалі і 5 алімпійскіх колцаў, назва спаборніцтваў і лагатып гульняў.

АЛЕСЬ ПУЦІЛА, СПАРТОВЫ АГЛЯДАЛЬНІК: “Я думаю, што форма і дызайн медалёў могуць падабацца ці не падабацца толькі пабочным асобам, пабочным назіральнікам. А перад прызёрамі Алімпіяды такога пытання не стаіць. Увогуле, гэтыя гульні рэкордныя ў колькасці – больш за 90 іх ужо. Праграма Алімпіяды пашырылася”.

Вытворчасць медаля для Алімпіяды ў Сочы займала па 18 гадзінаў на кожны. На ўсе пайшло больш за 2 тоны срэбра, 700 кілаграмаў бронзы ды 3 кілаграмы золата. Калі ўжыць яго больш – былі б яны збыт цяжкія і дарагія ў вытворчасці. Вырабілі медалі гэтае алімпіяды ў Маскве. Уся вытворчасць пачыналася з 2 кілаграмаў срэбра. Гэта быў сырэц, з якога выразаўся кілаграмовы дыск, потым рабілася яго апрацоўванне. І заставаўся дыск каля 800 грамаў са срэбра 960 пробы. А пасля выразкі рэшты металу заставаўся медаль вагою 530 грамаў – срэбны, 450 грамаў – бронзавы. На адной машыне рабілася апрацоўка, на іншай – выразанне, а пазней – шліфаванне. Уся праца адбывалася крок па кроку. Пазней дадаліся тэксты па-англійску, французску, расейску. А яшчэ трэба было вышліфаваць паверхню пры дапамозе такіх шарыкаў. Гэта займала каля 30 хвілінаў. Ды – далейшая апрацоўка. Пакрыццё лакам. Пасля чаго медаль сох цягам сутак. Трапляў у лядоўню з тэмператураю -40 градусаў. Метал і крышталь трымаюць тэмпературу па-рознаму, а таму іх было прасцей змантаваць, хаця і не без высілку. І заставалася толькі завязаць каляровую стужку – і высылаць да Сочы.

А тут, у Сочы медалі трапляюць да алімпійскіх чэмпіёнаў. Сёння – залаты – у руках беларускі Дар’і Домрачавай. І хаця ў ім сапраўднага золата толькі 6 грамаў, аднак тыя эмоцыі, якія перажываюць і спартоўцы, і мы, заўзятары, сапраўды па-за ўсялякімі коштамі.

Сяргей Падсасонны, “Аб’ектыў”, Сочы

Глядзі таксама
Каментары