ДАІ паўтара тыдня будзе пільнаваць пешаходныя пераходы (+ інфаграфіка)


Працаўнікі ДАІ ў Менску плануюць знайсці самыя небяспечныя пешаходныя пераходы і правесці там адмысловыя рэйды.

Асноўныя прычыны дарожна-транспартных здарэнняў у Менску – парушэнне кіроўцамі правілаў праезду пешаходных пераходаў і скрыжаванняў, хуткасных рэжымаў руху. Наезды на пешаходаў склалі амаль палову ад агульнай колькасці ДТЗ. Большая іх частка ўчыненая на абазначаных пешаходных пераходах.

Як паведамляе менскае ўпраўленне ДАІ, падчас прафілактычнай акцыі працаўнікі інспекцыі правядуць маніторынг тэхнічнага стану пешаходных пераходаў, працы вулічнага асвятлення. Пры дапамозе інжынернага аналізу будуць вызначаныя ўчасткі вулічна-дарожнай сеткі, на якіх зарэгістраваная найбольшая колькасць здарэнняў з удзелам пешаходаў.

За 2013 год у Менску адбылося 398 наездаў на пешаходаў, 34 чалавекі загінулі, і 379 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Сярод іх з віны кіроўцаў учыненыя 248 наездаў, 15 чалавек загінулі, і 245 атрымалі раненні.

З боку пешаходаў у 2013 годзе ў Менску зафіксавана больш як 36 тыс. адміністратыўных правапарушэнняў. Сярод асноўных – пераход праезнай часткі па-за ўстаноўленымі месцамі, а таксама на забаронны чырвоны сігнал святлафора. Больш як 4 тыс. пешаходаў былі ў стане алкагольнага ап’янення. Агулам летась з віны пешаходаў здарыліся 143 ДТЗ, 19 чалавек у іх загінулі, 127 атрымалі раненні.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў