Еўропа адказала на «тролінг» беларускіх дыпламатаў


Менскае прадстаўніцтва Еўразвязу пракаментавала даклад беларускага МЗС пра парушэнні правоў «у асобных краінах свету».

«Павага да правоў чалавека – камень спатыкнення дэмакратычнага грамадства, – зазначаюць у афіцыйным адказе. – Гэта патрабуе эфектыўнага ўзаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю як у Еўразвязе, гэтак і ў Беларусі. Еўразвяз шануе і выконвае рэкамендацыі, атрыманыя ад еўрапейскіх і міжнародных праваабарончых механізмаў».

У каментары таксама падкрэсліваюць, што ЕЗ штогод выпускае даклад, прысвечаны працы Еўразвязу ў прасоўванні правоў чалавека ў свеце. Каментуючы даклад беларускага вонкавапалітычнага ведамства, прадстаўнікі Еўразвязу пастанавілі нагадаць афіцыйнаму Менску пра «важнасць выканання ўсіх рэзалюцыяў Рады ААН у справе правоў чалавека».

Варта адзначыць, што афіцыйны Менск адмаўляецца супрацоўнічаць з адмысловым спавяшчальнікам сітуацыі ў Беларусі Рады ААН у справе правоў чалавека Міклашам Харасці (Miklós Haraszti).

Прадстаўнік ААН цяпер непажаданы госць у Беларусі. Летась у сваім дакладзе Міклаш Харасці рэкамендаваў уладам Беларусі апублікаваць вычарпальную інфармацыю адносна выкананых смяротных прысудаў і неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне (Беларусь – адзіная ў Еўропе краіна, дзе выконваюцца смяротныя прысуды).

Таксама ўраду Беларусі рэкамендавалі прыбраць усе перашкоды, якія замінаюць актыўнаму ўдзелу грамадскіх няўрадавых арганізацыяў і апазіцыйных партыяў у палітычным жыцці краіны. Харасці рэкамендуе расследаваць выпадкі гвалтоўнага знікнення некалькіх беларускіх палітыкаў і журналіста Завадскага, пазбаўленне ліцэнзіяў і пераслед адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў «справы 19 снежня 2010 года», гарантаваць поўную незалежнасць судовай сістэмы ды суддзяў у Беларусі.

ЮВ паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары