Слядамі «паліцая Януковіча»: куды завялі паперы?


Звесткі пра «паліцайскае» мінулае Фёдара Януковіча з’явілася ў віртуальнай прасторы праз 70 гадоў пасля Другой сусветнай вайны. Ці быў бацька прэзідэнта Украіны паліцаем, «Belsat.eu» высвятляў у вёсках, згаданых у нядаўна апублікаваных дакументах.

Паперы ваенных часоў нарабілі шуму ў інтэрнэце яшчэ год таму. У час сёлетніх падзеяў ва Украіне дакументы ўзгадалі яшчэ раз. Адзін з іх падае спіс дэзерціраў вайны, якія падлягалі этапаванню ў распараджэнне НКВЗ. Інфармацыя пра «здрайцу № 5» цалкам супадае з афіцыйнаю біяграфіяй бацькі Віктара Януковіча – народжаны ў вёсцы Янукі Віцебскай вобласці. Другая папера – загад вермахту аб паборы малака з жыхароў вёскі Мацкі. Нібыта кантраляваць працэс абавязалі начальніка паліцыі Радашковіцкага раёну Януковіча.

Мы паехалі слядамі Януковіча, а дакладней, слядамі папераў. Абедзве вёскі знайсці няпроста. Расклад аўтобусаў маўчыць аб іх існаванні. У найбліжэйшае мястэчка Мядзел даехаць можна толькі раз на дзень позна ўвечары. Янукі схаваліся між Докшыцамі ды Мядзелам. Ёсць звесткі, што гэтую вёску падчас вайны разбурылі, а жыхароў знішчылі. Ці распавядзе хто пра ваенны час?

170 км ад Менску, дапамога GPS-навігатара – і мы ў гістарычным месцы. Жылая вёска – гэта дзве хаты і дзве сям’і. Пётр і Аквіліна Януковічы – брат і сястра, 73 і 80 гадоў. Яны не родныя прэзідэнта, проста ў Януках раней кожны другі меў такое прозвішча. Могілкі пацвярджаюць гэта – старыя помнікі праз адзін з надпісам «Януковіч» ці «Janukowicz». Найстарэйшы – з датаю нараджэння 1843 год, ёсць і цалкам ужо зацёртыя. «Януковічы разляцеліся па свеце», – гаворыць спадарыня Аквіліна.



«А які ж ён наш?!»

Аквіліна Лявонаўна ўжо прызвычаеная да журналістаў і здымак. «А які ж ён наш?! – войкае яна пасля словаў пра Віктара Януковіча. – Я ж яго ведаю гэтак, як і вы!». Спадарыня Аквіліна распавядае, што дзед прэзідэнта з’ехаў у Данбас, калі «нас на свеце не было», і больш не вяртаўся. Бацькі ягонага ніхто ў вёсцы таксама не бачыў. Падчас вайны яго тут дакладна не было. Дзе стаяла хата Фёдара Януковіча – ніхто не ведае. «Месца тое мо ўжо парасло, там мо дрэва ўжо такое вялікае вырасла», – разважае бабуля. А раней вёска была вялікая, добрая – больш за 30 хатаў. Тут брат з сястрою жылі з нараджэння. Кажуць, што ў вайну ніхто яе не выпальваў, толькі ў 1934 годзе загарэлася некалькі хатаў і пажар на хутары перакінуўся.

{movie}Аквіліна Януковіч пра прыезд Віктара Януковіча|right|14748{/movie}

Янукі пасля доўгіх пошукаў радзімы дзеда наведаў сам Віктар Януковіч. «Прыехаў, з начальнікамі тут быў. Яны самі яго ўгашчалі. Угасцілі – ён і паехаў. Нам ніхто не даў пагаварыць. Вось калі б да нас прыехаў!..» – уздыхае Аквіліна Лявонаўна. Жыхары толькі зводдаль паглядзелі на ганаровага госця. А пра прэзідэнта ведаюць з тэлебачання.

«Толькі ён і надаецца на прэзідэнта! А яны не любяць яго»

«Чалавек добры, удалы… Толькі ён і надаецца на прэзідэнта! А яны не любяць яго. Ён жа стараецца, каб падняць краіну. Разумны, талковы чалавек… А нам і Лукашэнка не благі, добры. Нам усяго хапае. А яго і ў Менску палова не любіць. А чаго не любяць? Можа, каб пажылі б у вайну, пагаладалі, дык і любілі б усе», – усміхаецца гаспадыня.

{movie}Аквіліна Януковіч: Януковіча ва Ўкраіне палова не любіць, а ў Менску палова – Лукашэнку|right|14749{/movie}

Януковічы дагэтуль трымаюць карову, на ланцугу сабака. Старыя не мелі сем’яў цэлае жыццё. Праз якісьці час і ў гэтае хаце ніхто не ўзгадае пра мінуўшчыну.

На пагорку яшчэ адна жывая хата. Але суседкі Марысі дома няма, дзверы на замку. Аднак сабака навязаны, кот на падваконні, дровы пад страхою, відаць сляды ад колаў машыны. Спадарыня Аквіліна папярэдзіла, што гаспадыні можа і не быць дома – у касцёл, мабыць, паехала.

Суседняя вёска Гарадзішча паболей, але некалькі мінакоў сцвярджаюць, што старэйшых ужо амаль не засталося, няма каму ўзгадваць ваенныя часы. Спадарыню Рамуальду мы сустрэлі ў мясцовай краме. Яна з 1938 года. Пра Януковічаў асабліва не чула, не памятае, але пад канец размовы стала ясна, што і жыла яна тады ў іншай вёсцы. Ці жыў тут калі дзед прэзідэнта?

У Мацках няма каму распавядаць пра ваенны час

Калі Янукі схаваліся праз сваю нешматлюднасць, то Мацкі цяжка знайсці з іншае прычыне – іх шмат. Мацукі?.. Мацюкі?.. Мацкі! Згодна з папераю і кіруючыся логікаю, едзем у найбліжэйшыя да Радашковічаў – 30 км. Тут, па загадзе вермахту, нейкі паліцай Януковіч сачыў за сумленнаю здачаю малака – па тры літры з каровы. Вёска досыць вялікая, дамы больш сучасныя.

«У нас няма старых ужо на вёсцы, – гаворыць малады чалавек, якога мы знайшлі ў гаражы, – адно толькі мая бабуля, але яна ўжо нічога не ўзгадае». Спадарыні Яніне 87 гадоў, яна ўжо не заўсёды пазнае і сваіх блізкіх. Ейны ўнук упэўнена гаворыць, што дзед яму распавядаў пра ваенныя часы, але ва ўзгадках не было Януковічаў, як не было Януковічаў і ў вёсцы. І дзеда ўжо няма.

Высвятляецца, што ёсць сталая жанчына, якая добра памятае вайну і нават прозвішчы. Гэта баба Гэля. Яна жыве на хутары, які нібыта адно з Мацкамі. Жанчына прапаноўвае праводзіць нас на хутар. Але нас сустракае замок на дзвярах, на аселым снезе не бачна слядоў, толькі ў куце туліцца змерзлы сабачка – гаспадыні ўжо даўно тут не было.

«Давайце я завязу вас да фермера, ён не гісторык, але цікавіцца ўсімі гэтымі справамі», – намагаецца дапамагчы спадарыня Ганна. Ферма мае сапраўдны маёнтак. Кажуць, пабудаваў яго гаспадар на капусце, звычайнай капусце і бураках – крывавымі мазалямі. Цяпер яму за 60. Але ж працавітага гаспадара няма ў хаце – паехаў па справах. «Я абураная да глыбіні душы! – не стрымліваецца жонка фермера. – Навошта вы гэты бруд раскопваеце?! Вам няма больш чым заняцца? Ніякага сэнсу ў гэтым няма!» Жанчына ўсё ж узгадвае, што быў тут раней хутар Янукоўшчына, але пра продкаў Януковіча яна не чула.



Паліцаі ў вайну былі паўсюль. Але хто ведае, ці парадкаваў Мацкі Януковіч, а, можа, Фёдар Януковіч, а, можа, і дзед будучага прэзідэнта…

«Гэта фэйк з пачатку да канца»

Гісторык Аляксандр Гелагаеў спецыялізуецца на гісторыі Беларусі часоў Другой сусветнай вайны. Ён мяркуе, што «дакументы» выглядаюць вельмі ненатуральна. «Вілейскі» дакумент з дзіўнаю памылкаю ў слове «Радашковічы» ўвогуле падобны да няўдалага фоташопу. Няма спасылак на сучасныя архівы, дзе яны мусяць размяшчацца. Да таго ж бацька Януковіча, паводле тых звестак, якія ёсць у інтэрнэце, нарадзіўся ўжо на Данбасе, куды перабраўся яшчэ ягоны дзед. На мой погляд, гэта фэйк на 100 %».

Журналіст Кастусь Шыталь таксама мяркуе, што гэтыя дакументы – падробка. Сваю думку ён тлумачыць неадпаведнасцю пэўных тэрмінаў і часу ў гэтых згадках.

«Падчас акупацыі генеральная акруга Беларусь дзялілася на акругі, а не вобласці. «Зямельныя аддзелы» былі ў органах СССР, а не ў акупацыйнай адміністрацыі, – піша Кастусь на сваёй старонцы ў «Facebook’у». – Ну, і самы пераканаўчы аргумент: вёска Янукі стала належаць Віцебскай вобласці толькі ў 1960 годзе. У 1945-ым яна належала Полацкай».

Гісторык: «Сын не адказвае за свайго бацьку»

Гісторык Андрэй Чарнякевіч ставіцца да такіх папераў, як да палітычнае спекуляцыі. На ягоную думку, сапраўднасць такіх дакументаў можна пацвердзіць, толькі пабачыўшы папяровы арыгінал, а не фота. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць лёгка «стварыць» такі «дакумент».

«Нават калі б такі факт сапраўды меў месца і бацька Віктара Януковіча быў паліцаем, то мы ўсё роўна з гэтых папераў больш нічога не ведаем. А кожны чалавек мае права на прэзумпцыю невінаватасці. Тут не напісанае, ці ён забіў кагосьці, як менавіта сябе паводзіў з жыхарамі. Вядома ж, калі і так, гэта гонару не робіць. Але сын не адказвае за свайго бацьку», – разважае спадар Андрэй.

Антось Міхайлюк, belsat.eu

Стужка навінаў